У Інтэрнэце з'явіўся форум «За незалежнасць» да 90-годдзя БНР
Грамадскі форум "За незалежнасць", прымеркаваны да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, пачаў працу ў Інтэрнэце па адрасе http://dziarzava.org.
Форум будзе працаваць да 30 сакавіка. Заключная яго частка пройдзе ў адной з самых вялікіх мінскіх заляў, паведаміў БелаПАН ініцыятар правядзення форума, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Форум працуе ў трох секцыях: "Дзяржаўна-палітычныя аспекты беларускай незалежнасці", "Культурна-моўныя гарантыі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці" і "Эканамічныя асновы і перспектывы беларускай незалежнай дзяржаўнасці". У дыскусіі ўдзельнічаюць як вядомыя эксперты: палітолагі, філосафы, юрысты, мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, эканамісты, – так і аматары. "Форум носіць агульнанацыянальны характар, а сёння толькі інтэрнэт дае магчымасць свабоднай публічнай дыскусіі. Любы карыстальнік Інтэрнэту можа паспрачацца з прызнанымі экспертамі або выказаць сваё бачанне ў любой з секцый. Лепшыя матэрыялы будуць прадстаўленыя ў заключнай частцы форума і апублікаваныя ў спецыяльным зборніку", – адзначыў В.Вячорка. Па словах арганізатараў, мэтай форума з'яўляецца прыняцце новай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці.
Інфармацыя паводле сайта (www.charter97.org)
|