А.Казуліна адпусцілі на 3 дні дадому на пахаванне жонкі
25 лютага ў цэнтры Мінска прайшла акцыя памяці Ірыны Казулінай. Па розных крыніцах на плошчу прыйшло больш за 1000 чалавек, якія ўшанавалі памяць Ірыны. Каля 40 хвілін прастаяў ланцуг памяці са свечкамі і партрэтамі Ірыны. Затым у цэнтры Кастрычніцкай плошчы са свечак людзі выклалі крыж і рушылі да Чырвонага касцёла. Каля касцёла удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да скульптуры Езуса і пакінулі свечкі каля партрэта Ірыны Казулінай.
А ў ноч, а першай гадзіне ночы дамой у Мінск з калоніі “Віцьба-3” прывезлі Аляксандра Казуліна. Палітвязня не вызвалілі, а толькі далі трохдзённы водпуск на час пахавання яго жонкі Ірыны, якая памерла 23-га лютага.
Пахаванне Ірыны Казулінай адбудзецца 27 лютага. Развітанне з Ірынай Іванаўнай будзе праходзіць у Чырвоным касцёле з 20.00 гадзін 26 лютага да 12.00 гадзін 27 лютага. Месца пахавання яшчэ пакуль не вядома. Ліст з просьбай аб выдзяленні месца для пахавання на Маскоўскіх могілках было накіраванае ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт на імя яго старшыні Міхаіла Паўлава. Аляксандр Казулін таксама звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з асабістай просьбай аб выдзяленні месца на Маскоўскіх могілках для пахавання Ірыны Казулінай. Ліст з такой просьбай быў перададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта.
|