Якія будынкі будуць рэстаўравацца ў Беларусі сёлета

У Беларусі на рэканструкцыю гісторыка-культурных аб’ектаў у 2008 годзе будзе накіравана 97 мільярдаў рублёў (гэта ўсяго толькі 45 мільёнаў даляраў), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка.

Працы будуць весціся на 15 аб’ектах, уключаных у дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на сёлета па Міністэрстве культуры.

Сярод новых аб’ектаў — рэканструкцыя будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Сёлета будзе распрацавана праектна-каштарысная дакумэнтацыя правядзення рэканструкцыі і капітальнага рамонту. Працы плануецца пачаць у 2009 годзе.

Сёлета пачнецца рамонт будынку Нацыянальнага музею гісторыі і культуры Беларусі, а таксама філіялу Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры ў вёсцы Завоссе. Прыступяць і да будаўніцтва спартова-культурнага комплексу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту культуры і мастацтваў, праектна-доследныя працы ўжо праведзеныя. На аб’ект вылучана 3 мільярды рублёў.

Самым маштабным аб’ектам, які будзе ўведзены ў эксплюатацыю сёлета, стане будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету. Тут плануецца асвоіць амаль 70 мільярдаў рублёў. Заплянаваны да ўводу ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс помніку архітэктуры XVI-XX стагоддзяў у Міры ў складзе ўсходняга комплексу, унутранага дворыку, дзьвюх галерэй, дзьвюх вежаў, апартаментнай часткі і рэстарану. Працягнуцца працы ў палацава-паркавым ансамблі ў Нясьвіжы.

Заплянавана праектаванне кварталу вуліц Леніна і Кірава, які зойме Нацыянальны мастацкі музэй. Ад сёлетняга ліпеня пачнуцца працы па рамонце будынку Менскага дзяржаўнага вучылішча імя Глебава.

Праектна-доследныя працы для ўзнаўлення гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХІХ стагоддзя — палацава-паркавага ансамблю ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці праведзены летась, у 2009-м пачнецца рэканструкцыя. Гэта ўнікальны комплекс. Там захавалася шмат ляпніны, пазалоты, дэкору. Пасля ўзнаўлення сядзібны комплекс у Жылічах па многіх параметрах практычна ня будзе саступаць Нясвіскаму палацава-паркаваму ансамблю, адзначыў намеснік міністра.

Працы будуць працягнутыя на гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХVIII стагоддзя — комплексе былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласці, а таксама XIX стагоддзя — сядзібным комплексе (музеі) ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёну Гомельскай вобласці. Мінкультуры прымае долевы ўдзел у рэстаўрацыі гэтых аб’ектаў.

Паводле інфармацыі http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=15259

‹‹ на галоўную | у архіў