Аляксандра Здзвіжкова вызваляюць

22 лютага ў 9.30 Вярхоўны Суд пачаў разгляд касацыйнай скаргі па справе журналіста газеты "Згода" Аляксандра Здзвіжкова, асуджанага, на тры гады турмы за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамеда. Паседжанне было закрытым: журналісты мусілі чакаць абвяшчэння вынікаў ля ганку суду. Не было ні самога Здзвіжкова, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, а таксама нікога з яго сваякоў.

Перагледзець прысуд Здзвіжкову ўчора заклікаў Еўрапарламент. Раней гэта самае патрабаваньне агучвала «Amnesty International», шэраг іншых міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

У 10.30 калегія суддзяў Вярхоўнага суду пастанавіла, што Здзвіжкоў сапраўды вінаваты, аднак улічыла абставіны -- старая маці, у якой Аляксандар адзін, стан здароўя асуджанага. Тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія А.Здзвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло следства.

Аляксандар Здзвіжкоў выйдзе на волю з Валадаркі праз некалькі гадзінаў.

Паводле http://www.nn.by

‹‹ на галоўную | у архіў