Агульнанародная дыктоўка па беларускай мове
21 лютага сябры Аргкамітэту па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэньня Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы склікалі прэс канферэнцыю.
Што?
Аўтарам ідэі правядзення першай агульнанацыянальнай дыктоўкі выступіў кандыдат філасофскіх навук Уладзімер Падгол. Ідэя ўзнікла пасля размовы з адным з ветэранаў нацыянальнага руху. Той паскардзіўся, што ня можа больш праз кепскае самаадчуванне наведваць шэсці. Пасля той гутаркі, распавядае сп. Падгол, ён даведаўся, што літоўцы трэці раз 26 студзеня правялі па ўсім свеце агульнанацыянальную дыктоўку. Напрыклад міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў яе ў Нямеччыне разам з кіраўнікамі літоўскіх грамадаў краінаў ЭС. Пісалі і беларускія літоўцы ў пасольстве Літвы ў Менску. Так узнікла думка: «А чаму б і нам, беларусам, перад 25 Сакавіка не напісаць разам агульнанацыянальную дыктоўку?» Такія дыктоўкі пішуць ня толькі ў Літве, але і ў Польшчы ды Францыі, дзе гэта ёсць не пытаннем ратавання мовы, а яднання нацыі.
Дзе?
Дзеля супольнага правядзення дыктоўкі ў Мінску сябры Аргкамітэту збіраюцца падаваць заяўкі на выдзяленьне залаў у Нацыянальнай, Купалаўскай, Пушкінскай бібліятэках, у бібліятэках БДУ і Пэдунівэрсытэту. У выпадку адмовы падрыхтаваны запасны варыянт: па магчымасці жадаючых прымуць сядзібы Партыі БНФ і ТБМ. Прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах прапануецца арандаваць памяшканні на месцах. Можна збірацца дзеля гэтай справы на кватэрах. Віцебскі дэмакратычны актывіст Барыс Хамайда збіраецца пісаць дыктоўку на вольным паветры ў сваім традыцыйным месцы ў родным Віцебску.
Напісаць дыктоўку запрашаюцца беларусы, што знаходзяцца па за межамі Беларусі. Падтрымаць іх гатова грамадзкае аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Калі?
Аргкамітэт вырашыў правесці першую агульнанацыянальную дыктоўку 23 сакавіка ў нядзелю. Пачатак акцыі а 10 й, заканчэнне — а 18 й. «Гэта будзе вольны дзень, каталікі акурат тады будуць святкаваць Вялікдзень». Правяраць тэксты дыктовак будуць прафэсійныя выкладчыкі беларускай мовы. 25 сакавіка — у дзень адзначэння 90 годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць агучаныя незалежнымі СМІ.
Як?
На дадзены момант Беларускі ПЭН цэнтар абвесціў конкурс на напісанне тэксту дыктоўкі. Зацверджаны тэкст запішуць на лічбавыя і відэаносбіты і будуць дасылаць усім жадаючым узяць удзел у акцыі. У месцах масавага напісання дыктоўкі тэкст будуць чытаць выкладчыкі беларускай мовы. Здаваць на праверку напісанае неабавязкова, рабіцца гэта будзе па асабістым жаданні кожнага ўдзельніка. Арганізатары мерапрыемства звяртаюцца да ўсіх жадаючых напісаць дыктоўку з заклікам фатаграфаваць падзею і дасылаць у Аргкамітэт здымкі. «ААН назвала гэты год годам Роднай мовы, таму ёсць сэнс зладзіць фотавыставу паводле нашай акцыі і ў сценах гэтай арганізацыі» — прапанаваў У. Падгол.
Навошта?
«Мы зробім дыктоўку дыктатарам — тым, што кожны дзень нам кажуць, што на нашай мова нічога вартага не напішаш і ня скажаш, тым, што адмаўляюцца даваць афіцыйныя адказы па беларуску, кажучы, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы» — гаворыць Уладзімер Падгол. На яго думку, сама акцыя сумеснага напісання дыктоўкі ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць усясветнай дэманстрацыяй салідарнасці беларусаў з роднай мовай.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч мяркуе, што толькі само грамадства з нутры можа змяніць моўную сітуацыю. Ён распавёў, што некаторыя з партыйных лідэраў, з якімі ён меў гутарку, адмаўляюцца ад напісання дыктоўкі, бо гэта несур’ёзна. «У гэтых спадароў ёсць месяц на развагі, бо пасля будзе сорамна — нават паслы краінаў Эўрасаюзу будуць пісаць разам з намі гэтую дыктоўку» — адзначыў В. Івашкевіч.
«Мне сорамна за сённяшніх беларускіх журналістаў, якія нават пра Дуніна Марцінкевіча распавядаюць па расейску» — сказала старшыня БАЖу Жана Літвіна. На яе думку, са свайго боку журналісты павінныя ня толькі асвятляць падзею, але і прыняць асабісты ўдзел.
«Мы ня маем сёння ніводнага з кодэксаў законаў па беларуску, але не павінны толькі жаліцца — трэба самім нешта рабіць. Прыклады Жалезьнічэнкі ды іншых паказваюць, што такія ініцыятывы даюць плён» — падкрэсьліў праваабаронца Алесь Бяляцкі.
«Галоўнае — ня колькасць напісаных дыктовак і іх якасць, а сам факт гэтай акцыі — нашае пытанне мусіць прагучаць па ўсім свеце. І гэта павінна стаць нашай добрай традыцыяй» — было агульнае меркаванне сяброў Аргкамітэту.
Аргкамітэт звярнуўся да ўсіх неабыякавых суайчыннікаў паспрыяць стварэнню прызавога фонду. Пісьменнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў выклікаўся ахвяраваць свой заробак на прызы пераможцам дыктоўкі.
У Аргкамітэт па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэння Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы ўвайшлі: старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА «БНФ «Адраджэнне» Віктар Івашкевіч, кіраўнік ГА ЗБС «Бацькаўшчына» Аляксей Марачкін, віцэ прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» Алег Трусаў, старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Алесь Пашкевіч, старшыня ГА «Беларускі ПЭН цэнтар» Уладзімер Някляеў, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна.
Паводле інфармацыі “Наша Ніва”Сямён Печанко
Шаноўныя грамадзяне Беларусі!
Дарагія суайчыннікі ва ўсіх кутках свету!
Паважаныя прыхільнікі беларускай дзяржаўнасці і культуры!
25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Урад БНР надаў беларускай мове дзяржаўны статус. Напрыканцы ХХ стагоддзя пад час дэмакратычнага развіцця Беларусі мова набывала моц, пашыралася кола яе прыхільнікаў. Але сёння стан мовы тытульнай нацыі гаротны. Вынішчэнне пагражае і роднай мове.
Дзяржава і яе чыноўнікі цураюцца роднага слова. Мова выціскаецца з навучальных устаноў. Яна амаль не гучыць у дзяржаўных СМІ. Зачыняюцца школы і класы з беларускамоўным навучаннем.
Родную мову шануюць і бароняць народы ўсіх краінаў і нават тыя, хто пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. 90-ыя ўгодкі БНР даюць нагоду заявіць на ўвесь свет, што беларуская мова жывая і мае шмат прыхільнікаў. На апошнім агульнанацыянальным перапісе 78 адсоткаў грамадзянаў заявілі, што іх родная мова – беларуская.
2008 год ААН, ЮНЭСКА вырашылі зрабіць годам моў. Мы – беларусы – хочам прадэманстраваць сусветнай супольнасці сваю любоў і пашану да роднай мовы. Мы заклікаем правесці агульнанародную дыктоўку і прыняць у ёй зацікаўлены ўдзел.
Мы звяртаемся да незалежных і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі з просьбаю 23 сакавіка агучыць загадзя падрыхтаваны тэкст.
Дзеля супольнага правядзення дыктоўкі ў Мінску заяўкі на залы падаюцца на Нацыянальную, Купалаўскую, Пушкінскую бібліятэкі, бібліятэку БДУ і Педуніверсітэта.
Тое ж самае мы прапануем зрабіць прыхільнікам роднай мовы ў сваіх рэгіёах. Замаўляйце залы бібліятэк дзеля напісання дыктоўкі.
Напісаны вамі тэкст вы можаце пакласці ў свой сямейны архіў, захаваць для нашчадкаў, перадаць ім як унікальнае сведчанне вашай пагагі да беларускай самабытнасці. Хто жадае ўзяць удзел у конкурсе на якасць валоданьня мовай, можа здаць тэкст у камісію па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць разнастайныя прызы. Пішыце разам сем'ямі і суполкамі!
Давайце зробім з гэтага ўрока беларускай мовы свята! Хай у месцах правядзення дыктоўкі гучыць музыка і спевы, чытаюцца вершы, распаўсюджваюцца беларускамоўныя выданні. Апранемся як на вялікае свята ў нашым жыцці!
Пастарайцеся даслаць у аргкамітэт фотаздымкі таго, як вы пісалі дыктоўку. Вашыя шчырыя усмешкі, руплівасць вашых дзетак убачаць шмат беларусаў па ўсім свеце.
Давайце ўсе разам створым сусветную нядзельную беларускую школу!
Спадзяемся, што дыктоўка на роднай мове стане традыцыйнай. Але ў нашай агульнанацыянальнай школе будуць і іншыя адмысловыя ўрокі.
Асобна звяртаемся да лідэраў грамадскай думкі, кіраўнікоў палітычных партыяў, грамадскіх аб'яднанняў. Ваш прыклад удзелу ў агульнай дэманстрацыі любові і пашаны да мовы будзе спрыяць яе абароне, сталенню і падвышэнню статуса ў грамадстве. Вас абіралі дэмакратычным шляхам у лідэры і вы адказныя за свае ўчынкі і перад тымі, хто вас абіраў, і перад продкамі, а таксама перад нашчадкамі.
Хай тэкст нашай дыктоўкі на роднай мове пра Незалежнасць прагучыць у мільёнах сэрцаў. Гэта будзе мацнейшай падтрымкай Мовы і Культуры, Незалежнасці і Суверэнітэту Беларусі!
Сябры аргкамітэта па правядзенні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэння Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы:
Ініцыятар правядзення Уладзімір Падгол
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА "БНФ "Адраджэнне" Віктар Івашкевіч
Кіраўнік ГА ЗБС "Бацькаўшчына" Аляксей Марачкін
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі
Старшыня ГА "Таварыства белорускай мовы імя Ф.Скарыны" Алег Трусаў
Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Алесь Пашкевіч
Старшыня ГА "Беларускі ПЭН-цэнтр" Уладзімір Някляеў
Старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жана Літвіна
Алена Макоўская, старшыня Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" пракаментавала гэту падзею так: “Бацькаўшчына" падтрымала ідэю правядзення дыктоўкі, як вельмі пазітыўны крок па падтрымцы прэстыжу беларускай мовы, крок арыгінальны і цікавы. Мы звернемся да беларускіх суполак дзеля правядзення такой дыктоўкі ў іх асяродках і гатовы скласці адмысловы прызавы фонд”.
|