Беларускія кубінцы ня вераць у хуткія змены на радзіме

Кубінцы, якія жывуць у Беларусі, неадназначна ацэнваюць амаль паўвекавую эпоху камандантэ — лідэра кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра.

Шмат хто з іх застаўся на тэрыторыі былога Саюзу перадусім з-за таго, што не захацеў вяртацца ў “камуністычны аазіс” на выспе Свабоды.

У Пінскім індустрыяльна-пэдагагічным тэхнікуме, які рыхтаваў майстроў вытворчага навучання, за некалькі дзесяцігоддзяў адукацыю атрымалі тысячы кубінцаў. Для многіх горад стаў родным — маладыя людзі знайшлі тут будучых жонак, нарадзілі дзяцей.

Хасэ паспеў папрацаваць нават трактарыстам у калгасе “Аснежацкі”, а цяпер трымае некалькі шапікаў на рэчавым рынку Пінска: “У горадзе кубінцаў цяпер літаральна пару чалавек. Па Беларусі, мяркую, дастаткова, асабліва ў Мінску. Хтосьці вучыўся, ды так і застаўся — з розных прычынаў. Аднаго ў нас Іван завуць, лато займаецца, распаўсюджвае квіткі. Другі, Камілё, выкладае нейкія амерыканскія танцы...”

Карэспандэнт: “А што вы думаеце наконт магчымасці пераемнасці ўлады на Кубе?”

“Ды хто яго ведае. Калі аднадумцы Фідэля будуць працягваць рухацца тым жа курсам, што і быў, то змены рэзкія наўрад ці будуць. Але мне падаецца, што нешта ўсё роўна будзе мяняцца, гэта непазбежна. Я, шчыра кажучы, па-за палітыкай, таму не магу казаць аргумэнтавана. Але як увесь час сачу ў навінах, то атрымліваецца, што правая рука Фідэля — гэта ягоны малодшы брат. І калі Рауль зойме месца Фідэля, то, відавочна, на першым часе ня так моцна будуць відаць змены, бо ён будзе працягваць такі ж курс, тую ж палітыку. Ня ведаю, на колькі часу хопіць такой лініі, але напачатку будзе працягвацца ранейшы курс”.

Эўхэніё скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню. Ажаніўся, вярнуўся на радзіму з жонкай, там нарадзілася дачка Адалі. Нейкі час працаваў на высокай вайсковай пасадзе. Аднак праз пяць гадоў сям’я зноў вярнулася ў Беларусь. Цяпер афіцэр працуе на будоўлі: “Калі я сюды зноў прыехаў, то гэта значыць толькі адно: там складана. Там вельмі цяжка. Цяпер праз тэлевізар нічога пэўнага не паказваюць, толькі кароткія сюжэты: нейкія бананы прадаюць, рынкі прыватныя нібыта адкрылі. Ня ведаю, ці верыць... Але калі былі апошні раз на Кубе, яшчэ ў 1990-х, то было вельмі складана: працы не было, прадуктаў харчавання як такіх таксама не было. Усё па картках, вы ж уяўляеце...”

Карэспандэнт: “Пры канцы існавання СССР гэтаксама было...”

“У вас такога яшчэ не было і ня дай Божа, каб калі здарылася. Калі ў вас былі праблемы, то ў параўнаньні з Кубай гэта — драбяза, поўная лухта”.

Карэспандэнт: “Кардынальных зменаў пасля адстаўкі Фідэля Кастра ўсё ж чакаць варта?”

“Я вам скажу тое ж, што астатнія: Рауль будзе працягваць тую ж лінію, таму нічога ня зменіцца. Хіба, можа, у яго з’явяцца нейкія стасункі з Амерыкай, бо ў іншым выпадку чакаць зменаў не выпадае”.

Карэспандэнт: “То бок пакуль Куба не памірыцца з ЗША, нічога ня будзе?”

“Ня будзе нічога. Амэрыка нас блакуе з усіх бакоў, а з Амерыкай ніхто з іншых краінаў ня хоча мець канфлікту, парушаць блякаду. Таму ўсё пакуль застанецца, як і дагэтуль”.

У сярэдзіне 1960-х Мікалай Трухан пад выглядам “спэцыяліста ў цывільным” прабыў на Кубе два гады, рыхтаваў інструктараў супрацьракетнай абароны. Кубінская місія трымалася ў найвышэйшым сакрэце, а зваротным адрасам для ліставання быў адрас... Маскоўскай цэнтральнай турмы. Мае персанальную ганаровую грамату, атрыманую з рук Рауля Кастра: “Мы выконвалі працу, і Рауль Кастра са сваёй службай прыяджаў у нашу штаб-кватэру амаль кожны дзень. Бо мы навучалі інструктараў кубінскіх і шмат што іншае. І аднойчы ён сказаў, што трэба ўзнагародзіць найлепшых. Вось я і трапіў у лаўрэаты. Атрымаў “Diploma de honor” — ганаровы дыплём з гравіроўкай, цісненнем. Канечне, прыемна было атрымаць, уручаў сам Рауль на агульным сходзе, у актавай залі”.

Карэспандэнт: “А самога Фідэля ня бачылі?”

“Ну чаму? На Плошчу Рэвалюцыі неаднаразова ездзілі, таксама ў цывільным. І па 2—3 гадзіны, хоць нясцерпна пякло сонца, слухалі. Амаль нічога не разумелі, але ён такі палымяны, што слухаеш, разявіўшы рот. Але гэта хвароба, псыхоз сапраўдны”.

Карэспандэнт: “Калі параўнаць Рауля і Фідэля...”

“Гэта дзьве абсалютна розныя асобы. Рауль — жорсткі, Фелікс Дзяржынскі, як мы называлі. Фідэль знешне больш добры, хоць на яго сумленні таксама шмат усяго крывавага”.

Колькі ўсяго кубінцаў у Беларусі — у дыпламатычным прадстаўніцтве Кубы ў Мінску ня ведаюць нават прыблізна. Самі кубінцы кулуарна кажуць: каб ня мець праблемаў, лепш на афіцыйным узроўні ўвогуле “не засвечвацца”.

Ігар Карней

“Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў