"Год Беларускай дзяржаўнасці-2008" – адкрытыя лекцыі ў Гродна
Гарадзенскі Рух "За Свабоду" запрашае на публічныя лекцыі, прысвечаныя падзеям гістарычнага шляху беларусаў да незалежнасці. Цыкл лекцый гэта частка кампаніі "Год Беларускай дзяржаўнасці-2008"
Кожны другі тыдзень цягам трох месяцаў жыхарам Гродна будуць прапанаваныя новыя лекцыі, чытаць якія будуць вядомыя ў горадзе і Беларусі аўтары: гісторыкі, публіцысты, філосафы, пісьменнікі, журналісты. Тэмамі публічных лекцый стануць: "1918 год - парад незалежнасцяў. Беларусы роўныя сярод роўных", "Радкевіч vs Каліноўскі: анатомія палітычнага даносу", "Патоп" на Беларусі: вынішчэнне народа", "Скасаванне статута ВКЛ: прававы шок для беларускай шляхты", "Беларускі нацыянальны рух пач. ХХ ст. як фінансавы праект" ды інш.
Першая публічная лекцыя "1918 год – парад незалежнасцяў. Беларусы роўныя сярод роўных" запланавана на заўтра 20 лютага. Чаму беларусы, якія ў 1918 годзе аднымі з першых у Цэнтральнай і Усходняй Еўропы абвесцілі дзяржаўную незалежнасць, не здолелі яе ўтрымаць? Уласны погляд на гэтую праблему і вынікі разнастайных даследаванняў прадставіць доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Лекцыя будзе суправаджацца мультымедыйнай прэзентацыяй.
Пачатак першай публічнай лекцыі: серада, 20 лютага, 19.00 па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а-44. Уваход вольны.
Нагадаем, што ініцыятарам абвяшчэння 2008 году - Годам беларускай дзяржаўнасці выступіла МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". У 2008 годзе Беларусь святкуе 90-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прэсавая служба Гарадзенскага Руху “За Свабоду”
|