“Бацькаўшчына” ўшаноўвае юбілей Максіма Гарэцкага выданнем кнігі

18 лютага споўнілася 115 год з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка, педагога, навукоўца Максіма Гарэцкага. Пражыў ён няшмат – 45 гадоў. 10 лютага 1938 года Максіма Гарэцкага расстралялі ў Вязьме, у турме. Творчасць пісьменніка была доўгі час пад забаронай, неабгрунтавана замоўчвалася. Апошнія гады хай не рэгулярна, але перавыдаюцца ягоныя творы.

Ушанаваннем памяці і вяртаннем спадчыны Максіма Гарэцкага займаюцца не толькі літаратуразнаўцы, але і сваякі вядомага пісьменніка. Так, у гэты юбілейны год пабачыць свет кніга “Браты Гарэцкія”, напісаная пляменнікам Максіма – Радзімам Гарэцкім.

“Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае за гонар кнігай “Браты Гарэцкія” адкрыць новую падсерыю ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечаную знакамітым беларусам. Кніга ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю роду Гарэцкіх і будзе досыць вялікая па аб’ёму, таму мы проста не паспелі выдаць яе да дня нараджэння славутага пісьменніка, але гэта абавязкова адбудзецца цягам бліжэйшых месяцаў”, — адзначыла Ніна Шыдлоўская, намесніца старшыні Рады Згуртавання.

“Кніга “Браты Гарэцкія” – гэта даволі арыгінальны зборнік дакументаў, прысвечаны роду Гарэцкіх. Да гэтага моманту сабраныя тут дакументы не друкаваліся. І выданне кнігі, вядома, прысвечана юбілею Максіма Гарэцкага”, — кажа Радзім Гарэцкі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Падрабязней пра жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага гл., напрыклад: http://www.svaboda.org/content/Article/992171.html

‹‹ на галоўную | у архіў