Агульнанацыянальны дыктант як святкаванне 90-годдзя БНР

Некалькі дзён таму меў размову з ветэранам апазіцыйнага руху, якому ўжо 75 год. Шмат пра што пагаманілі, а калі пайшла гаворка пра маючае адбыцца шэсце і мітынг на 90-годдзе БНР, ён сумна зазначыў: "Гады не тыя, каб хадзіць ды з міліцыянтамі біцца. Ногі баляць, ледзь да крамы даходжу, сэрца тахкае..." А я падумаў, што ад удару дручком міліцыянта-бамбізы гэты хрупкі дзядок можа і памерці. Жонка ягоная ўжо сышла з гэтага жыцця. Вось і атрымліваецца, што свята для яго разам с аднадумцамі можа і не атрымацца.

Пасля той размовы даведаўся, што літоўцы ў трэці раз 26 студзеня правялі па ўсім свеце агульнанацыянальны дыктант. Прычым шмат каму знаёмы з беларусаў міністр замежных спраў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў дыктоўку ў Германіі разам з кіраўнікамі літоўскіх меншасцяў у краінах Еўрасаюза, дзе яны ладзілі сустрэчу. Пісалі і беларускія літоўцы ў амбасадзе Літвы ў Мінску... Пісалі, каб мацаваць павагу да роднай мовы, каб яна развівалася. І гэта была грамадская акцыя ў еўрапейскай краіне, дзе дзяржаўнасць мовы гарантуе яе неўміручасць! Дарэчы, пераможцы конкурсу дыктовак робяцца на пэўны час нацыянальнымі героямі Літвы.

Я падумаў: а чаму б і нам, беларусам, 25 сакавіка за некалькі гадзін да шэсця не напісаць разам агульнанацыянальны дыктант? Уявіце, як гадзін у 10 раніцы паўсюль, дзе толькі мажліва (ва ўправе Партыі БНФ, у офісах іншых партый, у Таварыстве беларускай мовы — селі партыйныя і грамадскія лідэры разам з шараговымі сябрамі рухаў і партый. Выбітныя пісьменнікі, гісторыкі, навукоўцы селі поруч са сваімі чытачамі і разам пад дыктоўку напісалі свой дыктант на тэму "Чаму і як я святкую 90-годдзе БНР". Дыктуе аўтар тэксту па Радыё Свабода. Папярэдне ролік з тэкстам дыктанта запісваецца на відэа- стужкі і дыскі, выстаўляецца ў інтэрнеце, але без напісання складаных слоў і спрэчных знакаў прыпынку. А пасля на мітынгу удзельнікам раздаецца правільны тэкст. Камісія абвяшчае пераможцаў. Поўныя тэксты друкуюцца ў "Народнай волі", "Нашай Ніве".

Сама акцыя сумеснага напісання дыктанта ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць сусветнай дэманстрацыяй салідарнасці беларусаў з роднай мовай і адзін з адным. Мне могуць запярэчыць, што за некалькі гадзін немажліва напісаць і праверыць тэкст. Што шмат хто засаромеецца браць удзел і здаваць тэкст, каб не атрымаць адмоўную адзнаку.

І гэта правільныя пярэчанні. І здымаюцца яны проста. Па-першае, дыктоўку можна пачаць пісаць і за тыдзень да 25 сакавіка. Але 25-га лідэры мусяць сесці разам і прадэманстраваць, што яны пішуць, як вучні ў школе жыцця. Па-другое, ніхто не будзе прымушаць здаваць тэкст, здача толькі для жадаючых праверыць свае веды. Кожны можа забраць дыктоўку ў свой уласны архіў, праверыць сам сябе па матрыцы і потым паказваць дзецям і ўнукам тэкст першай агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Спытаеце: хто напіша кананічны тэкст дыктанта?

Нашы пісьменнікі і паэты здольныя гэта зрабіць. Тэкст можа быць з дзвюх частак: верша і празачінага твора, накшталт тэкста Арлова "Незалежнасць — гэта..."

Урэшце, у СМІ трэба надрукаваць усе прапановы дыктовак, з якіх можна потым скласці кнігу аб першым агульнанацыянальным дыктанце, праектах тэкстаў, пераможцах. Хай нашчадкі пачытаюць, параўнаюць.

Чым узнагародзіць пераможцаў? Па-першае, самая галоўная ўзнагарода — прызнанне пераможцам у першым агульнанацыянальным конкурсе дыктанта. Вынікі і пераможцаў можна выяўляць у розных "вагавых" катэгорыях. Па-другое, бясплатная падпіска на ""Народную волю", "Нашу Ніву", кнігі паэтаў і пісьменнікаў з іх подпісам і зычэннем. Па-трэцяе, камітэт "Звона волі", дзе сустаршынямі Марачкін і Шатэрнік, узнагароджваюць копіяй "Звона волі", які стаў сімвалам беларускага супраціву, які быў зняволены міліцыянтамі і ўрэшце вызвалены і не пераплаўлены... Марачкін ужо падтрымаў гэтую ідэю.

Асобная тэма — звароты да прадстаўнікоў улады ўзяць удзел у агульнанацыянальным дыктанце. Год таму было неверагодным прадбачыць, што яны з 25 сакавіка будуць гнаць хвалю акцый пад лозунгам "За незалежную Беларусь". Гэта вынік настойлівай працы актывістаў апазыцыі. Наўрад ці адразу яны далучацца да дыктанта апазіцыі. Але з цягам часу хай самі ладзяць нешта падобнае. Калі беларусы па ўсім свеце будуць пісаць у адзін дзень, ладзячы дэманстрацыю шанавання роднай мовы, то ніякая прапаганда не зможа ні замаўчаць, ні збэсціць салідарнасць з культурай, з традыцыямі.

Дарэчы, ідэя агульнанацыянальнага дыктанта находзіць станоўчы водгук у нашых уплывовых замежных сяброў. Яны гатовы аказаць дапамогу з памяшканнямі ў краінах Еўрасаюза для напісання тэксту нашымі землякамі. Тут "Бацькаўшчына" магла б таксама парупіцца. Праца мусіць быць супольнай. Сябры Рады БНР таксама могуць стаць прыкладам у дэманстрацыі салідарнасці.

90-годдзе БНР дае вельмі добрую нагоду закласці падмурак новай традыцыі. І тады мой знаёмы, якому ўжо 75 год, і другія людзі сталага веку, якім цяжка хадзіць на шэсці і стаяць на мітынгу, а таксама малыя, якіх бацькі баяцца выводзіць пад дручкі міліцыянтаў, змогуць вывесці іх на дэманстрацыю за парту ў гонар слыннай даты. І будучы змагар за Незалежнасць з гонарам будзе помніць і распавядаць сябрам, як не проста пісаў дыктоўку, а пісаў разам з беларусамі ўсяго свету, мацуючы тым самым і баронячы мову і волю, і іхнюю будучыню. З павагаю — Уладзімір ПАДГОЛ, палітолаг.

Паводле інфармацыі газеты Народная воля (www.nv-online.info)

‹‹ на галоўную | у архіў