Дзень св.Валянціна ў Менску – без затрыманняў

Моладзевая акцыя ў дзень святога Валянціна ў Менску абышлася без затрыманняў. У акцыі ўдзельнічалі каля паўсотні чалавек.

Маладзёны прайшлі па сталічных вуліцах, наведваючы амбасады заходнееўрапейскіх краінаў і ЗША. Міліцыянты ў цывільным суправаджалі калону, але ніводнага чалавека не затрымалі.

Моладзь пачала збірацца на плошчы Свабоды а 5 вечара. Маладзёны прыйшлі з балонікамі чырвонага і белага колеру, нацыянальнымі сцягамі і расцяжкамі, на якіх было напісана “Беларусь у Эўропу!” і “Малады фронт”. Менавіта маладафронтаўцы былі асноўнымі ўдзельнікамі акцыі.

Зьміцер Дашкевіч звярнуўся да прысутных: “Сабраліся, каб чарговы раз засведчыць беларускаму грамадству і ўсёй цывілізаванай сусветнай супольнасці, што Беларусь – гэта хрысціянская еўрапейская краіна. І наша будучыня разам з будучыняй еўрапейскай цывілізацыі”.

Спачатку дэманстранты наведалі амбасаду Францыі. Пакуль чакалі, калі дзяўчаты, што панеслі віншаванне, выйдуць з будынку, павіншаваць юнакоў і дзяўчат прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч. “Я думаю, што прыйшоў таму, што кахаю і каханы. Я вельмі шчаслівы гэтым. Магу маладым распавесці, што каханне трэба берагчы, за яго трэба змагацца мірнымі метадамі. Увогуле, люблю гэтую акцыю, бо гэтая акцыя з такім прыгожым сэрцам, якое яны носяць ці маюць у сябе ўнутры”.

Да маладзёнаў прыйшлі таксама Іна Кулей, Людміла Гразнова, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч ды бацькі некаторых маладафронтаўцаў.

Як толькі маладзёны праскандавалі: “Беларусь да Бога!”, пайшоў снег. Гэта выклікала хвалю эмоцыяў. Наста Палажанка была наперадзе калёны: “Я лічу, што гэты снег нясе нейкае Божае бласлаўленне, што мы, сапраўды, ідзем Ягоным шляхам”.

Артур Фінкевіч распавёў: “Гэта штогадовая наша акцыя. З гэтай акцыі пачынаўся “Малады фронт”. Гэта наша традыцыя. Гэта наш святы абавязак. Гэтай акцыяй мы паказваем сваю любоў да Радзімы, да еўрапейскіх каштоўнасцяў, да хрысціянскіх, безумоўна, каштоўнасцяў. Таму мы і выйшлі на вуліцы павіншаваць менчукоў, паказаць беларускаму грамадству, што мы не баімся беларускіх уладаў, што мы ў любым выпадку будзем рухацца ў Еўропу”.

Моладзь прайшла калонай вуліцай Леніна, потым вуліцай Карла Маркса і праспектам Незалежнасці. Ад плошчы Перамогі прайшлі да амбасады Польшчы, а адтуль пайшлі да амбасады ЗША. Да дэманстрантаў выйшаў першы сакратар Луіс Крышак. Ён пачаставаў моладзь цукеркамі, зробленымі ў форме сэрцаў. Зміцер Дашкевіч звярнуўся да яго з просьбай дапамагаць у справе вызвалення беларускіх палітвязняў.

Сп.Крышак адказаў: “Дзякуй, што вы прыйшлі. Заўсёды дэмакратыя і свабода для палітвязняў былі прыарытэтнымі для Злучаных Штатаў Амерыкі, і будуць і надалей”.

Міліцыянты ў цывільным сачылі за хадой акцыі. Яны ішлі ў калоне моладзі, але нават не спрабавалі перашкодзіць шэсцю. Яны яшчэ нейкі час пасля заканчэння акцыі суправаджалі маладзёнаў у грамадскім транспарце, але нікога не затрымлівалі.

Любоў Лунёва

Паводле інфармацыі Радыё Свабода

У свой час у супрацьвагу акцыі якую штогод робіць апазіцыйная моладзь, актывісты БРСМ вырашылі правесці сваю акцыю ў дзень усіх закаханых

Удзельнікі акцыі, якая праходзіла пад лозунгам “Падаруй сэрца гораду Мінску”, сабраліся ў 17.30 на перакрыжаванні вуліцы Я.Коласа і Сурганава. Каля 30 сябраў БРСМ выклалі на ўзбочыне сімбалічнае сэрца з 300 запаленых свечак. Моладзь раздавала таксама мінакам валянцінкі з надпісам “Мінск. 940”

“Нам не пашансціла з надвор’ем – пачалася завея. Але нягледзячы на гэта, акцыя ўсё ж такі адбылася”, — пракаментаваў БелаПАН мерапрыемства адзін з яго арганізатараў, сакратар Мінскай арганізацыі БРСМ Дзяніс Прохар. Ён тасама паведаміў, што сёння актывісты арганізацыі наведалі дзіцячыя дамы, прытулкі, лякарні, дзе выступілі з канцэртамі і падаравалі дзецям салодкія падарункі.

Паводле інфармацыі Беларускія Навіны (www.naviny.by)

‹‹ на галоўную | у архіў