Зарэгістраваных партый і іх рэгіянальных суполак стала меней
Міністэрства юстыцыі апублікавала справаздачу адносна зарэгістраваных у Беларусі партый, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, фондаў.
За апошнія паўгады колькасць палітычных партый у Беларусі зменшылася на дзве. Было 17 партый, цяпер — 15. Нагадаем, што рашэннем Вярхоўнага суду былі ліквідаваныя Беларуская экалагічная партыя зялёных “БЭЗ”, а таксама партыя жанчын “Надзея”. Не выключана, што неўзабаве іхны лёс паўторыць і Партыя камуністаў беларуская. Колькасць рэгіянальных суполак (абласных, раённых, гарадскіх) таксама зменшылася на 16 адзінак за апошнія паўгады. У параўнанні са звесткамі чатырохгадовай даўніны, колькасць такіх структур знізілася амаль на 800.
Затое крыху ўзрасла колькасць грамадскіх аб’яднанняў. Як адзначаюць у самім Мін’юсце, цяпер рэгіструюць, у асноўным, моладзевыя, спартовыя і дабрачынныя арганізацыі.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|