“Бардаўская восень” набыла свой працяг

“Бардаўская зіма” – імпрэза пад такой назвай мае распачацца ў суботу ўвечары на сядзібе Партыі БНФ. На ёй выступяць лаўрэаты і ўдзельнікі фестывалю “Бардаўская восень” – самага буйнога фэсту ў гэтым кірунку, што праводзіцца штогод у польскім Бельску-Падляскім.

Пераможца БВ-2007 Дар’я Кадамская кажа, што гэта добрая нагода для музыкаў ізноў сабрацца разам, а для тых, хто не здолеў патрапіць восенню ў Бельск, пазнаёміцца з творамі маладых бардаў.

Праўда, у імпрэзе не здолее ўзяць удзел Таццяна Беланогая – адна з яскравых прадстаўнікоў беларускай бардаўскай песні. “На днях зрабілі аперацыю на міндаліны. Размаўляць ужо магу, але са спевамі давядзецца з месяц пачакаць”, - паведаміла спявачка.

Сярод выступоўцаў на “Бардаўскай зіме” заяўленыя лаўрэаты апошняй “Бардаўскай восені” – Д. Кадамская і гурт “Босае сонца”, а таксама Павал Кузіч, Яраш Малішэўскі ды іншыя таленавітыя барды новага пакалення.

Арганізатары заявілі, што сённяшні міні-фестываль ладзіцца ў межах кампаніі па адзначэнню 90-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Яны спадзяюцца, што ён стане традыцыйным.

Паводле радыё “Рацыя” (www.racyja.com)

‹‹ на галоўную | у архіў