Брыль і Сапега нарэшце прапісаліся на менскіх вуліцах

Міністэрства юстыцыі зацвердзіла рашэнне Мінскага гарсавета па прысваенні новым вуліцам сталіцы імёнаў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Як паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў, у лісце, які паступіў у штаб-кватэру ТБМ з упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама, паведамляецца, што ў Мінюсце прайшло юрыдычную экспертызу рашэнне сталічнага гарсавета ад 30 лістапада 2007 г. аб наданні новым запраектаваным вуліцам у мікрараёне Міхалова-1 імёнаў вядомага пісьменніка Я. Брыля і выдатнага беларускага дзяржаўнага дзеяча XVI стагоддзя Л. Сапегі.

Гэта стала магчымым, лічыць А.Трусаў, дзякуючы пазіцыі кіраўніцтва ТБМ і падтрымцы жыхароў Мінска.

Нагадаем, што 26 верасня 2007 г. Мінскі гарсавет прыняў рашэнне аб прысваенні новым вуліцам сталіцы імёнаў Я. Брыля і Л. Сапегі. Аднак Міністэрства юстыцыі падчас правядзення юрыдычнай экспертызы гэтага рашэння вынесла адмоўнае заключэнне са спасылкай на 15 артыкул Закона “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь”. Па меркаванні чыноўнікаў, падчас прысваення новых назваў мінскім вуліцам не была ўлічана думка насельніцтва. У гэтай сітуацыі 26 лістапада 2007 г. кіраўніцтва ТБМ звярнулася да жыхароў сталіцы з прапановай падтрымаць рашэнне Мінскага гарсавета па гарадскіх тапонімах і накіраваць адпаведныя лісты ў Мінскі гарсавет і Мінюст.

Старшыня ТБМ выказаў удзячнасць жыхарам сталіцы і дэпутатам Мінскага гарсавета за іх паслядоўную пазіцыю, дзякуючы якой у сталіцы з’явіліся вуліцы, названыя імёнамі нашых славутых землякоў.

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў