Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе за перадрук карыкатур на прарока Мухамеда асудзілі журналіста
Карыкатуры на прарока Мухамеда былі апублікаваныя ў дацкай газеце “Юлландс-Постэн” 30 верасня 2005 г. Публікацыі выклікалі хвалю масавых маніфестацый пратэсту ў арабскім свеце. У шэрагу краін быў абвешчаны байкот дацкім таварам, праходзілі дэманстрацыі пратэсту. Але ў ніводнай краіне журналіста не арыштавалі за перадрук карыкатур. Толькі ў Беларусі былога намесніка рэдактара газеты “Згода” Аляксандра Здвіжкова асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ісламскія суполкі ў Еўропе падавалі на выданні судовыя пазовы ў сувязі з тым, што карыкатуры “абразілі іх рэлігійныя пачуцці”. Аднак пастановы судоў зводзіліся да апраўдальных прысудаў, бо “малюнкі абараняюцца законам аб свабодзе самавыяўлення і не наносяць шкоду ісламу”. Прэцэдэнтам стала толькі звальненне рэдактара газеты “Франс Суар” з ініцыятывы наймальніка.
У Малайзіі ў лютым 2006 г. быў толькі часова прыпынены выхад трох газет, якія надрукавалі карыкатуры, але праз некаторы час газеты аднавілі сваю працу. У Волагдзе (Расія) суд цалкам апраўдаў Ганну Смірнову, галоўнага рэдактара гарадской газеты “Наш рэгіён”, якая надрукавала карыкатуры.
Дададзім, што самымі жорсткімі прысудамі скончыліся суды ў мусульманскіх краінах Іарданіі і Емене. Да двух месяцаў турмы былі прысуджаныя журналісты ў Іарданіі, але яны былі выпушчаныя пад заклад у зале суду. Галоўны рэдактар еменскай газеты “Al-Rai Al-Aam” (“Грамадская думка”) Камаль аль-Альфі быў асуджаны на год турэмнага зняволення, але генеральны пракурор адмяніў гэтае рашэнне, назваўшы яго занадта жорсткім за перадрук карыкатур.
Толькі ў Мінску, 18 студзеня 2008 г., гарадскі суд сталіцы прысудзіў былога рэдактара газеты “Згода” Аляксандра Здвіжкова да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук карыкатур на прарока Мухамеда.
Пратэст гэтаму прысуду ўжо выказалі міжнародныя арганізацыі. Так, у прыватнасці, прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) Міклаш Харашці выказаў пратэст: “Я заклікаю ўлады Беларусі перагледзець судовы прыгавор і вызваліць Здзвіжкова”.
Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” таксама выступіла з пратэстам супраць прысуду былому намесніку рэдактара “Згоды”. “Рэпарцёры” назвалі прысуд надзвычай суровым. Па іх меркаванні, Здвіжкоў увогуле не павінен быў падпасці пад судовы пераслед. “Хутчэй за ўсё, гэта была проста падстава для таго, каб пакараць апазіцыйнага журналіста. Абставіны яго арышту пацвярджаюць гэта”, — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Рэдактар аддзелу культуры дацкай газеты “Jullands-Posten” Флемінг Роўз, адказны за першую публікацыю скандальных карыкатур, лічыць, што “судзіць за гэта проста ганьба і глупства”, і што “працэс над “Згодай” не варты еўрапейскай краіны XXI стагоддзя”.
Дацкі Саюз журналістаў таксама выказаў глыбокую занепакоенасць з нагоды вынікаў суда ў дачыненні да А. Здвіжкова. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэзідэнта арганізацыі Могенса Бліхера Б’ерэгарда.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org), РІА “Новости”, www.naviny.by, baj.by, “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|