Шагал у паштовых марках
У Мінску ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры адкрылася філатэлістычная выстава “Марк Шагал. Штрыхі біяграфіі і творчасці”.
Выстава падрыхтаваная пры падтрымцы Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі і прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала – сусветнавядомага мастака, які паходзіць з Віцебску. Экспазіцыя складаецца з марак з прыватнай калекцыі Гары Ізраіцеля – эмігранта, які жыве ў Бостане.
Дырэктар музею Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая распавяла: “Творы мастацтва звычайна прадстаўляюць у выглядзе саміх твораў ці іх рэпрадукцыяў. Зараз у нас нечаканае спатканне з маркамі – зусім іншай сферай жыцця, творчасці мастацтва.
Дваццаць краін свету і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, пачынаючы з 1963 г., выпускалі маркі, прысвечаныя Шагалу. Піянерам у гэтай справе была Францыя.
Уладальнік калекцыі Гары Ізраіцель збіраў гэтыя маркі на працягу дзесяцігоддзяў. Шмат гадоў у нас існавала ідэя зрабіць такую выставу ў гарадах Беларусі. І вялікі дзякуй Амбасадзе ЗША за падтрымку гэтай ідэі й яе практычную рэалізацыю”.
На выставе экспануецца звыш двухсот марак. У калекцыю ўваходзяць таксама паштовыя блокі, канверты, іншыя матэрыялы, якія дазваляюць прасачыць за творчай біяграфіяй мастака. Усе экспанаты суправаджаюцца каментарамі.
Дырэктар Нацыянальнага музею гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар адзначыў: “Апошнія гады спадчына Марка Шагала паступова вяртаецца на радзіму ў Беларусь І хоць сапраўдных твораў Шагала ў нас пакуль няма, мы можам у такім філатэлістычным выглядзе пазнаёміцца з сусветнавядомымі работамі. У нас ёсць таксама кніжка “Марк Шагал у паштоўках”, фундатарам і выдаўцом якой з’яўляецца Гары Ізраіцель”.
Філатэлістычная выстава экспанавалася напрыканцы мінулага году ў музеі М. Шагала ў Віцебску падчас вернісажу, на якім прысутнічаў і ўладальнік калекцыі Г. Ізраіцель. Зараз арыгінальную выставу могуць наведаць мінчане і госці сталіцы.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|