Мітынг прадпрымальнікаў разагналі

У трэці раз за гэтую зіму індывідуальныя прадпрымальнікі сабраліся ў цэнтры Мінска на мітынг пратэсту. Прычына ўсё тая ж Указа прэзідэнта Беларусі №760, які забараняе ІП наймаць працаўнікоў. Перамоваў з чыноўнікамі на гэты раз не было, а акцыя завяршылася разгонам і затрыманнямі.

Перад мітынгам прайшлі шэраг прэвентыўных затрыманняў, па ацэнках праваабаронцаў арыштаваныя каля 50 чалавек, некалькі судоў праходзілі і 21 студзеня.

Мітынг пачаўся ў поўдзень. На плошчы на гэты раз не праводзіліся катанні школьнікаў, але гучала беларускае дзяржаўнае радыё, таму некаторыя выступы былі амаль што нечутнымі.

Першым словы на мітынгу ўзялі палітыкі. Так, намеснік Партыі БНФ Алесь Міхалевіч заклікаў улады вызваліць лідэраў прадпрымальнікаў, правесці з імі перамовы, адмяніць указ №760, а да прадпрымальнікаў звярнуўся з заклікам далучацца да апазіцыйных акцый вясной 2008 г.

Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль прапанаваў працягнуць забастоўку прадпрымальнікаў да канца лютага і адмовіцца ад перамоваў з уладамі, пакуль не будуць вызваленыя арыштаваныя пасля акцыі 10 студзеня.

З дастаткова рэзкай прамовай выступіў прадпрымальнік Аляксандр Цацура з Салігорску. Ён паведаміў, што наступная акцыя прадпрымальнікаў адбудзецца 18 лютага, а таксама заклікаў адправіць у адстаўку намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура, які неаднаразова выказваўся наконт ІП, а разам з ім і “гаранта канстытуцыі”, які падпісаў Указ №760.

Пад час мітынгу на Кастрычніцкай прадпрымальнікі паспелі прыняць рэзалюцыю мітынгу, дзе яны патрабуюць вызвалення затрыманых пасля 10 студзеня, а таксама да мараторыя ці адмены Указа №760.

Потым прадпрымальнікі традыцыйна рушылі ў бок плошчы Незалежнасці. Калі яны паспрабавалі перакрыць рух транспарту, то былі адразу выціснуты на ходнікі.

Удзельнікі мітынгу здолелі дайсці да плошчы Незалежнасці, але ўжо там пачалася “зачыстка” плошчы. У адрозненні ад 10 студзеня, спецназ паводзіў сабе больш агрэсіўна, былі апранутыя па ўсёй форме. Дзеля запалохвання прадпрымальнікаў, яны рухаліся ўпоперак плошчы, грукаючы дубінкамі па шчытах.

Ужо вядома, што сярод удзельнікаў ёсць збітыя і затрыманыя. Сведкі адзначалі, што на праспекце былі чутны крыкі тых, каго збівалі. Разгонам кіраваў сам міністр МУС Уладзімір Навумаў. Пасля таго, як плошча была вызваленая, ён з’ехаў.

Рэшткі людзей рассеклі і сталі выціскаць з цэнтральнага праспекту. Частка з іх у некалькі сотняў чалавек вярнулася да Кастрычніцкай плошчы, але і там іх чакаў спецназ.

Пасля выціскання з Кастрычніцкай плошчы, людзі пачалі разыходзіцца. Пакуль цяжка сказаць пра лічбы, але вядома што каля 40 чалавек затрыманыя, ёсць збітыя. Колькасць удзельнікаў дасягала 2-3 тысяч на працягу ўсёй акцыі.

Наступная акцыя ІП 18 лютага, акрамя таго, магчыма, з 1 лютага пачнецца бестэрміновы страйк. Прадпрымальнікі чакаюць, калі іх умовы будуць выкананыя… але беларускія ўлады ўжо не раз заяўлялі пра немагчымасць адмены Указа №760.

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў