У 2007 г. па-беларуску выйшла 7,6 % кніг, выпушчаных у краіне

На 15% у параўнанні з 2006 г. павялічылася колькасць найменняў кніг на беларускай мове, выданых у Беларусі ў 2007 г.. Пра гэта 17 студзеня паведаміў журналістам намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак.

Аднак, паводле яго слоў, за гэты ж перыяд на 17% скараціўся наклад выпушчаных беларускамоўных выданняў. “Яны складаюць толькі 7,58% ад усёй колькасці найменняў кніг, што выйшлі ў Беларусі, а па накладзе — 7,63% ад агульнага накладу выданняў”, – сказаў І. Лапцёнак. Разам з тым, паводле яго слоў, шэсць дзяржаўных выдавецтваў краіны скарацілі за гэты перыяд выпуск кніг і брашур на беларускай мове: па найменнях – на 7,6%, па накладзе – на 35%.

Як зазначыў намеснік міністра, пры значным скарачэнні дзяржаўных асігнаванняў у галіну (на 14,4%) у 2007 годзе ў параўнанні з пазамінулым годам удалося прыкметна павялічыць колькасць сацыяльна значных выданняў (па найменнях – на 27%, па накладзе – на 95%), якія накіроўваюцца ў грамадскія бібліятэкі краіны па льготных цэнах і без гандлёвай надбаўкі. «Аднак школьныя бібліятэкі пакуль недастаткова насычаны сучаснай літаратурай з?за дэфіцыту сродкаў на яе набыццё», — сказаў намеснік міністра. Паводле яго слоў, гэтую праблему прадугледжваецца вырашыць сёлета.

Як паведаміў І. Лапцёнак, з 6 па 10 лютага ў Мінску, у нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” (вул. Я.Купалы, 27), адбудзецца XV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі – 2008”, ганаровым госцем якой будзе Дзяржава Ізраіль.

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў