Ці ёсць вы ў спісе невыязных, можна будзе даведацца за 4 гадзіны
Колькасць невыязных, якіх памежнікі заварочваюць ад мяжы, у апошні час зменшылася з 30 да 15 чалавек у дзень. На сённяшні дзень за мяжу не выпусцілі каля 400 чалавек.
Тэрмін, за які можна даведацца, ці не ўнеслі ваша імя ў “чорны” спіс, да канца студзеня плануецца скараціць з 30 дзён да 4 гадзін. Сёння, каб атрымаць гэтую інфармацыю, неабходна звярнуцца ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі па месцы прапіскі. Як паведаміла кіраўніца дэпартаменту Лідзія Іванчыкава, рабіць гэта неабходна абавязкова асабіста. Пісьмовую заяву, дасланую па пошце, нават разглядаць не стануць.
Л. Іванчыкава адзначыла: “Грамадзянін павінен прыйсці асабіста. Калі ён проста дашле запыт па пошце, мы не адказваем, ці значыцца ён у базе даных. Ён павінен прыйсці з пашпартам, каб атрымаць такую даведку”.
Але выдадзеная дэпартаментам даведка дзейсная толькі на момант яе атрымання. Яна не стане вашым пропускам за мяжу, калі раптам узнікнуць непаразуменні з памежнікамі і вас не захочуць выпускаць.
Л. Іванчыкава дадала: “Гэта даведка будзе сапраўдная толькі на момант яе атрымання. Пасля гэтага ў адносінах да чалавека могуць прымацца меры па абмежаванні яго часовага выезду за межы краіны. Гэта проста даведацца, што сёння на 14 гадзін такога чысла ён у банку даных не значыцца”.
Адказу на запыт сёння чалавек вымушаны чакаць цэлы месяц, бо супрацоўнікі усіх 152 раённых дэпартаментаў па грамадзянстве і міграцыі не маюць доступу да банку даных. Запыт яны дасылаюць у МУС. Але ўжо зараз ім пачынаюць усталёўваць спецыяльную праграму, якая дасць ім прамы выхад на банк даных.
Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка паведаміў, што памежнікі штодня вяртаюць з мяжы “невыязных”. Але калі ў першыя дні іх лічба дасягала 30 чалавек у дзень, то зараз яны зменшылася да 15 у дзень. Такім чынам памежнікі ўжо завярнулі больш за 400 невыязных.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|