“Роўна/Ровно” ў Мінску

16 студзеня ў Мінску прайшла прэзентацыя беларускага перакладу кнігі вядомага ўкраінскага пісьменніка Аляксандра Ірванца “Роўна/Ровно”. У рамане-антыўтопіі апавядаецца пра звычайны ўкраінскі горад Роўна, які падзелены на дзве часткі: уласна ўкраінскую і прасавецкую, якая належыць Сацыялістычнай рэспубліцы Украіне. На жаль, сам пісьменнік на мінскую прэзентацыю сваёй кнігі не прыехаў – ён захварэў.

Кнігу “Рівне/Ровно” (у беларускай версіі – “Роўна/Ровно”) на нашу мову пераклаў вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў. Выдадзеная кніга ў прыватным выдавецтве Змітра Коласа. Ну а прэзентацыя праходзіла на ўправе Партыі БНФ. Не дзіва, што распаўсюд выдання праз дзяржаўныя крамы стаўся немагчымым. Пра гэта распавёў выдавец Зміцер Колас: “Гэтую кнігу вы не купіце ў кнігарнях, таму што нашы кнігагандлёвыя арганізацыі пакуль што не пажадалі яе браць у распаўсюд”.

Прычыны адмовы кнігарні, канешне ж, не патлумачылі. Зм. Колас мяркуе, што так магло стацца і праз выдавецтва, у якім “Роўна/Ровно” пабачыла свет, і праз асобу перакладчыка – усё ж Ул. Арлоў уваходзіць у “няслушны” пісьменніцкі саюз. На пытанне, чаму Арлоў узяўся за пераклад, сам пісьменнік адказвае, што Ірванец найбольш блізкі яму з усіх украінскіх калег па светабачанні і светаўяўленні. Увогуле ж, Арлоў адзначае падабенства гораду, пра які піша Ірванец, са сваім родным Полацкам: “Полацк таксама быў абласным горадам. Там таксама быў і настаўніцкі інстытут, і розныя дамы палітработы. Усё, як у Роўна”.

Дарэчы, пераклад Арловым кнігі Ірванца на беларускую мову – гэта сваеасаблівая падзяка яму за пераклад кнігі Арлова на ўкраінскую. Яшчэ раней, дзякуючы А. Ірванцу, па-ўкраінску загучалі творы Васіля Быкава. За такую перакладчыцкую актыўнасць Ірванца прапанавалі прыняць ганаровым сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Старшыня гэтай арганізацыі Алесь Пашкевіч абяцаў падумаць. Відаць, рашэнне па пытанні будзе станоўчым, бо пра творчасць Аляксандра Ірванца Алесь Пашкевіч адгукаўся выключна пазітыўна.

На прэзентацыю беларускага перакладу кнігі Аляксандра Ірванца прыйшлі і прадстаўнікі ўкраінскай амбасады. Дарадца па пытаннях культуры Алеся Юрчанка паабяцала, што ў Мінску ўжывую пабачыць славутага ўкраінскага пісьменніка ўсё ж будзе можна. 5 сакавіка “Роўна/Ровно” прэзентуюць у памяшканні амбасады Украіны.

Паводле радыё “Рацыя” (www.racyja.com)

‹‹ на галоўную | у архіў