“Заслаўе-2008” будзе прысвечана 200-годдзю Дуніна-Марцінкевіча

Восьмы музычны фэст “Заслаўе-2008” пройдзе ад 31 студзеня да 1 лютага. Сёлета свята прысвечана 200-м угодкам ад дня нараджэння вядомага беларускага паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Арганізатарамі свята з’яўляюцца Мінскі аблвыканкам і Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Міхаіла Фінберга.

Для жыхароў і гасцей Заслаўя падрыхтаваная цікавая і насычаная культурнымі падзеямі праграма. Акрамя канцэртных выступленняў на свяце будзе прадстаўленая выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пройдзе майстар-клас для юных музыкаў, а таксама адбудуцца творчыя сустрэчы з вядомымі дзеячамі музычнай культуры і мастацтваў.

Музычным святам у Заслаўі аркестр Фінберга адкрые серыю форумаў у малых гарадах Беларусі ў 2008 г. Сярод іх будуць як ужо ўпадабаныя слухачамі фестывалі ў Мінску, Маладзечне, Міры, Нясвіжы, Тураве, Мсціслаўі, так і новыя мастацкія праекты – “Чачэрскія сустрэчы” і “Гасцёўня Напалеона Орды” ў мястэчку Іванава Берасцейскай вобласці.

Паводле БЕЛТА

‹‹ на галоўную | у архіў