Беларускія ўлады абавязаліся шанаваць родную мову

Беларусь стала 17-ай краінай у свеце, што далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА “Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны”. Такім чынам дзяржава ўзяла на сябе абавязкі па захаванню не толькі фальклору ды абрадаў, але і беларускай мовы.

Афіцыйны эксперт Рэспублікі Беларусь у галіне нематэрыяльнай спадчыны, што прадстаўляе нашу краіну на адпаведных пасяджэннях ЮНЕСКА, Ала Сташкевіч кажа, што з кожным годам усё цяжэй і цяжэй захоўваць нематэрыяльныя духоўныя каштоўнасці – глабалізацыя ідзе і падмінае ўсё пад сябе. Як самы апошні прыклад гэтаму эксперт прыводзіць навагодні тэлепраект “Павлинка-New”.

“Мне здаецца, што гэта прыклад пошласці, прабачце. Таму што так вольна паступаць са спадчынай Купалы нікому не дазволена, гэта проста нонсенс”, – кажа яна.

Па словах А. Сташкевіч, далучэнне Беларусі да канвенцыі “Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны” прадугледжвае не толькі парадкаванне адмысловага архіву і штогадовы маніторынг спраў у гэтай галіне, але і стварэнне адпаведнай дзяржаўнай сістэмы аховы – ад нізу да верху. “Гэта пакуль слабае звяно”, – канстатуе эксперт. – Тут неабходна цэлую палітыку выпрацоўваць на ўзроўні дзяржавы. На ўзроўні не толькі міністэрства культуры, але і сістэмы адукацыі, падключыць сюды СМІ. Гэта мусіць быць дзяржаўнай інвестыцыйная праграма, якая бы ўключала ўсе аспекты”.

Якраз з нагоды далучэння Беларусі да міжнароднай канвенцыі ЮНЭСКА аб ахове духоўнай спадчыны, адбылося афіцыйнае паседжанне. Старшыня камісіі па адукацыі і культуры палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч паведаміў беларускаму тэлебачанню, што па яго выніках былі прынятыя рэкамендацыі, якія ён назваў “вельмі сур’ёзнымі”: “Рэкамендацыі тычацца прывядзення ў адпаведнасць нашага беларускага заканадаўства з канвенцыяй пра ахову нематэрыяльнай духоўнай спадчыны. І канечне мы перадалі рэкамендацыі канкрэтным міністэрствам і ведамствам, як арганізаваць усю гэтую працу ў Рэспубліцы Беларусь, каб гэты працэс стаў сапраўды паўнавартасным”.

Пісьменнік Валянцін Тарас не хаваў свайго стаўлення да падобных справаздачаў ад прадстаўнікоў уладаў яшчэ ў далёкія 60-ыя. Тады яго звольнілі з пасады загадчыка аддзелу прозы ў часопісе “Нёман” за “антысавецкія настроі”. Літаратар лічыць паказальным хоць бы той факт, што сённяшнія беларускія чыноўнікі нават пра неабходнасць захавання беларускай спадчыны кажуць па-руску: “Той жа Чаргінец пісаў артыкул аб асіміляцыі беларусаў у Польшчы пасля свайго наведвання Варшавы. Як знікаюць там беларусы і беларускія школы, якая гэта ганьба! І ўсё гэта па-руску пішацца і па-руску прамаўляецца на нейкіх сходах. Гэта з аднаго боку звычайная недарэчнасць, а з другога – бескультур’е. Гэта ёсць праява страшэннага бескультур’я і дзікунства”.

В. Тарас выказвае сумнеў, што дзяржава здольная захаваць нацыянальную духоўную спадчыну. На меркаванне літаратара пачынаць трэба з сістэмы адукацыі. А ў беларускіх школах цяпер нават гісторыю Беларусі выкладаюць па-руску.

Паводле радыё “Рацыя” (www.racyja.com)

‹‹ на галоўную | у архіў