У Беларусі будуць будаваць АЭС

Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі. Канчатковае рашэнне было прынятае па выніках абмеркавання на паседжанні Рады бяспекі 15 студзеня.

“Будаўніцтва АЭС – гэта рэальная перспектыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру”. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Рады бяспекі, прысвечаным развіццю атамнай энергетыкі ў краіне. “Сёння мы закладваем аснову функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глабальная праблема вычарпання запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне”, – сказаў кіраўнік Беларусі.

Міністр фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што праект пабудовы АЭС ацэньваецца ў памеры 4 мільярдаў даляраў. Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў паведаміў, што знешніх перашкод для пабудовы АЭС няма.

А. Лукашэнка заявіў, што праца па пабудове рэактару павінна пачацца ўжо сёлета. Паводле яго, у беларускім грамадстве ўжо ўсталявалася разуменне, што альтэрнатывы ядзернай энергетыцы ў Беларусі няма.

Лукашэнка, сярод іншага, сказаў, што “некаторыя гарачыя галовы з ліку апанентаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую так званую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва. Ствараецца ўражанне, што некаторыя нашы апазіцыянеры і вучоныя жывуць у вакууме, у нас, як заўсёды, беларускасць бяжыць паперадзе розуму. Мы пачынаем, паглядаючы з-за вугла, разважаць аб неабходнасці будаўніцтва АЭС. Увесь свет вызначыўся, а мы разважаем. А потым будзем узмоцнена даганяць. Але тады гэта будзе каштаваць у два разы даражэй”.

Аднак варыянт праекту пакуль ня выбраны. У свеце асноўнымі кампаніямі-пастаўшчыкамі абсталявання АЭС з’яўляюцца амерыканска-брытанска-японская кампанія “Westinghouse-Toshiba”, франка-нямецкая група “AREVA” і расійскае ЗАТ “Атамбудэкспарт”. Каму з іх будзе аддадзена перавага – пытанне, адказ на якое пакуль ня дадзены.

Прадугледжваецца, што месца размяшчэння пляцоўкі для будаўніцтва АЭС будзе выбрана вясной 2008 г. Гэта будзе тэрыторыя плошчай каля 100 км2. Затым у межах гэтай тэрыторыі будзе вызначана пляцоўка (10-12 кв.2), дзе будзе знаходзіцца станцыя. Канкрэтнае месца размяшчэння самой АЭС будзе вызначана да канца 2008 г. Пакуль жа разглядаецца некалькі патэнцыяльных пляцовак для будаўніцтва АЭС, у тым ліку Кукшынаўская і Краснапалянская.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў