“DEMYC” у гасцях ў Мінску

У Мінску знаходзіцца дэлегацыя міжнароднай грамадскай арганізацыі “DEMYC” — “Дэмакратычная моладзевая супольнасць Еўропы”. На сустрэчы з журналістамі маладыя еўрапейскія актывісты заявілі пра салідарнасць з беларускім насельніцтвам, а перш за ўсё з беларускай моладдзю.

“Дэмакратычная моладзевая супольнасць Еўропы”, альбо “Дэмік”, як называюць гэтую арганізацыю, адна з найбуйнейшых у Еўропе. Яна аб’ядноўвае хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі з ўсёй Еўропы ды налічвае ў сваіх шэрагах каля мільёна сяброў.

Сябра “DEMYC” Канастанцінас Папачлімінзон з Грэцыі заўважыў, што адна з мэтаў іх дзейнасці — трансляцыя праўдзівых ведаў пра Беларусь. У 1997 г. сябры “DEMYC” ўжо мелі вельмі цесны кантакт з беларускай незалежнай моладдзю, вынікам чаго сталі сумесныя праекты. Гэты візіт мае на мэце абнаўленне сувязяў ды збор новай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі.

К. Папачлімінзон адзначыў: “Найперш мы плануем быць мастком паміж нашымі сябрамі з Беларусі і паміж тым мільёнам маладых людзей з 32 арганізацый, якія з’яўляюцца нашымі сябрамі. Мы будзем па-першае інфармаваць іх аб тым, што адбываецца, а па-другое прэсінгаваць і, скажам так, вымушаць іх праводзіць нейкія акцыі, каб прыцягваць увагу грамадзкасці да беларускай праблематыкі. І па-трэцяе мы не забываемся пра кантакт з палітычнымі партыямі ў нашых краінах. Шмат дзе гэтыя партыі фармуюць урад, яны з’яўляюцца пры ўладзе ды маюць непасрэдныя рычагі ўплыву на правядзенне палітыкі ў тым альбо іншым аспекце. Мы будзем таксама пасрэднікамі паміж беларускай рэчаіснасцю, беларускімі арганізацыямі і нашымі нацыянальнымі сродкамі масавай інфармацыі. Мы будзем інфармаваць іх і прыцягваць іхнюю ўвагу да таго, што адбываецца ў Беларусі. Таксама для нас вельмі важна бываць тут на Беларусі ды бачыць, як дзейнічае рэжым”.

Праз месяц “DEMYC” плануе прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Гэта будзе рэзалюцыя з асуджэннем парушэння правоў чалавека ды беларускага рэжыму. Як лічыць еўрапейская моладзь — гэтая рэзалюцыя будзе вялікім крокам да беларускай моладзі.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў