Па радзівілаўскіх лёхах пойдуць экскурсіі
Дадатковыя звесткі пра жыццё Радзівілаў былі сабраныя ў 2007 г. у часе рэалізацыі праекту па складанні базы гістарычных звестак пра Нясвіжскі замак. Пра гэта карэспандэнту паведаміў кіраўнік праекту, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Мяцельскі.
Летась цягам другога паўгоддзя навукоўцы інстытуту праводзілі пошукавыя працы па выяўленні падземных хадоў і камунікацый, апісаных у дакументах пра Нясвіжскі замак. У адным з хадоў знойдзеныя рэшткі ўнікальнай старадаўняй зброі, а таксама ядры і гарматы. Іх перадалі ў музеі.
Акрамя таго, у часе раскопак спецыялісты Інстытуту гісторыі знайшлі рэшткі стайні Радзівілаў, а таксама прыладаў працы і керамікі.
А. Мяцельскі расказаў, што адзін з ачышчаных лёхаў будзе ўключаны ў турыстычныя маршруты па Нясвіжы. “Гэты ход выводзіць наведнікаў з замку на баявую пляцоўку”, – дадаў ён.
У планах спецыялістаў — правесці археалагічныя даследаванні парку “Альба” – летняй рэзідэнцыі Радзівілаў. Праект па складанні базы гістарычных звестак пра Нясвіж завершыцца сёлета пры канцы году.
Паводле БЕЛТА
|