Беларусы прапаноўваюць назваць вуліцу імем генерала Захаранкі

Незарэгістраваная арганізацыя “Маладыя дэмакраты” падала ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай прысвоіць адной з вуліц Мінска імя экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Па словах аднаго з лідэраў арганізацыі Міхаіла Пашкевіча, такое рашэнне было прынятае 4 студзеня, у дзень нараджэння Ю. Захаранкі, калі экс-міністру ўнутраных спраў споўнілася б 56 гадоў. У гэты дзень яго калегі па партыі, сябры незарэгістраванай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” пабывалі на месцы выкрадання Ю. Захаранкі.

Як сказаў М. Пашкевіч, аналагічныя звароты ў Мінгарвыканкам будуць накіраваныя таксама адносна астатніх бясследна зніклых – палітыка Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.

“Мы павінны нагадаць людзям, кім былі гэтыя палітыкі, што яны зрабілі для Беларусі. Варта адзначыць, што Ю. Захаранка быў першым міністрам унутраных спраў пасля першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. І я думаю, што ён годны таго, каб яго імем была названая мінская вуліца”, – адзначыў М. Пашкевіч.

Нагадаем, былы міністр унутраных спраў і адзін з лідэраў апазіцыі Ю. Захаранка знік у траўні 1999 г. Шмат хто ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя. У дачыненні да яго знікнення падазраюцца вышэйшыя беларускія службоўцы.

Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)

‹‹ на галоўную | у архіў