“Камуналка” падаражэе мінімум на 20 даляраў
Урад абяцае ўтрымаць у 2008 г. рост жыллёва-камунальных тарыфаў у межах пяці даляраў. Аднак, як лічаць незалежныя эканамісты, гэтае абяцанне наўрад ці атрымаецца выканаць, улічваючы падаражанне імпартуемых энергарэсурсаў.
Рост цэн на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) у 2008 г. не перавысіць усталяванага кіраўніком дзяржавы паказчыку ў пяць даляраў, заявіў 19 снежня міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Белахвостаў. Ён паведаміў, што праект пастановы, які прадугледжвае адначасовае падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ у межах гэтага паказчыку, знаходзіцца на разглядзе Савета міністраў.
Па словах У. Белахвостава, такое стрымліванне росту цэн на тарыфы пагражае стратамі прадпрыемствам жыллёва-камунальнай сферы, таму ім будуць павялічаныя дзяржаўныя датацыі. Такім чынам, падкрэсліў міністр, асноўны цяжар пакрыцця нарастальных выдаткаў ад падвышэння цэн на энерганосьбіты дзяржава возьме на сябе. Пры гэтым ён адзначыў, што прадпрыемствам энергетыкі “таксама неабходна шукаць крыніцы фінансавання на рэалізацыю інвестыцыйных праграм”.
Між іншым вядома, што ў спецыялістаў Міністэрства эканомікі былі іншыя разлікі. У прыватнасці, на семінары “Эканамічны кантэкст беларускай сацыяльнай палітыкі”, які праходзіў у Мінску 11 снежня, загадчык аддзелам Навукова-даследчага інстытута эканомікі Мінэканомікі Аляксандр Мацяс заяўляў, што ліміт росту тарыфаў ЖКГ у 2008 г. прагназуецца на ўзроўні 20 даляраў для двухпакаёвай кватэры.
Паводле яго слоў, у апошнія гады “падвышэнне цэн на энерганосьбіты было нераўнамерна размеркаванае: асноўны ўдар прыйшоўся па рэальным сектары, жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, таму ў наступным годзе сітуацыю неабходна выпраўляць.
“Пакуль мяркуецца кошт паслуг ЖКГ падвысіць на 20 даляраў, але як будзе насамрэч, залежыць ад таго, пра якую цану на газ на наступны год дамовяцца”, – сказаў А. Мацяс. Акрамя таго, адзначыў ён, у горшы для Беларусі бок змяняюцца ўмовы пастаўкі нафты, а гэта значыць, што насельніцтву давядзецца плаціць усё больш.
Па словах спецыяліста, некаторыя крокі ў гэтым кірунку ўладамі ўжо зробленыя: ліквідаваныя сацыяльныя ільготы, падвышаецца кошт праезду ў транспарце. “Нагрузка на насельніцтва і далей будзе ўзрастаць”, – рэзюмаваў А.Мацяс.
Эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту (ІПМ) Аляксандр Чубрык схільны больш давяраць словам прадстаўніка НДІ эканомікі, чым міністра ЖКГ.
“Магчыма, вядома, пасля візіту ў Мінск Уладзіміра Пуціна і выдзялення Расіяй дзяржаўнага крэдыту ў міністра з’явіўся больш аптымістычны погляд на сітуацыю. Але гэта ўсяго толькі дэкларацыя. У рэальнасці, я думаю, рост цэн на паслугі ЖКГ перавысіць 5-ці доларавы паказчык. У гэтым плане я больш давяраю разлікам Мінэканомікі”, – сказаў эксперт.
Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер насельніцтва пакрывае 34% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Меркавалася, што цалкам пакрыць выдаткі прадпрыемстваў ЖКГ грамадзяне змогуць да 2015 г. Аднак урад змушаны ўлічваць і распараджэнне кіраўніка дзяржавы аб недапушчальнасці павелічэння тарыфаў ЖКГ больш як на 5 даляраў у год.
Пры адносна невысокіх цэнах на нафту і газ урад мог сабе дазволіць не займацца рэфармаваннем энергетычнага сектара, але падаражанне імпартаваных энергарэсурсаў прымушае пераглядаць эканамічную палітыку, у тым ліку ў жыллёва-камунальнай сферы. Таму, лічаць аналітыкі, росту тарыфаў на паслугі ЖКГ не пазбегнуць.
Паводле naviny.by
|