Новая аўдыёкніга для беларускіх дзетак
Кампанія “Белтонмедыя” выпусціла чарговую аўдыёкнігу для маленькіх слухачоў — “Дзікія лебедзі”.
На дыску запісаныя казкі Ганса Хрысціяна Андэрсана ў перакладзе на беларускую мову. Гэта ўжо дзесятая аўдыёкніга кампаніі. Аўтарскі калектыў рыхтуе яшчэ некалькі такіх прац, а неўзабаве пабачаць свет і мультфільмы. Стваральнікі аўдыёкнігі “Дзікія лебедзі” намагаюцца зрабіць літаратуру беларускай і сучаснай адначасова. Калектыў “Белтонмедыя” ужо пераклаў і агучыў шэраг твораў, у тым ліку з дзіцячай літаратуры школьнай праграмы, а таксама перакладныя творы з замежных моваў.
Друкаваная кніга “Дзікія лебедзі” выдавалася напачатку 1990-х у перакладзе з дацкай мовы. Цяпер яе агучылі і пераклалі ў аўдыё фармат. Тэкст чытае акторка Галіна Кухальская. Стваральнікі кніжкі ажывілі яе гукамі прыроды: слухачы пачуюць спевы птушак і гукі жамяры.
Стваральнікі аўдыёкніжак дамовіліся з кнігарнямі ў Мінску і ў рэгіёнах, каб гукавыя выданні былі прадстаўленыя на паліцах поруч з друкаванай літаратурай.
Гаворыць адзін з каардынатараў праекту Франак Вячорка: “Наша задача распаўсюджваць літаратуру не падпольнымі метадамі, як гэта было апошнія 15 гадоў, а легальна. Дзеля гэтага мы зарэгістравалі афіцыйную фірму, якая называецца “Белтонмэдыя”, у якую увайшлі ўсе нашы творцы — рэжысёры, акцёры, аўтары. Мы плануем, што гэтая фірма зойме свой сегмент на рынку, сегмент беларускай якаснай літаратуры, музычнай прадукцыі, а таксама відэафільмаў”.
Неўзабаве выйдуць у свет кніжкі з серыі “школьнай літаратуры”. Ужо зробленыя “Палескія хронікі” Івана Мележа. Агучаны “Сымон-музыка”, п’есы Янкі Купалы. Да дня святога Валянціна рыхтуецца аўдыёкніжка Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры “Маленькі прынц”.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|