Вацлаў Гавэл заклікае Еўропу знізіць кошт віз для беларусаў

Былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і шэраг іншых чэшскіх палітыкаў прапануюць зменшыць кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. У дакуменце пад назвай “Як пазбегнуць жалезнай заслоны паміж ЕЗ і Беларуссю?” выкладаецца тры варыянты візавай палітыкі адносна Беларусі.

Першы, які рэалізуецца цяпер – узняць кошты віз да 60 еўра і абвясціць, што зніжэнне не будзе магчымым, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай краінай.

Другі варыянт – пачаць перамовы па візавай праблеме з беларускімі ўладамі. Аднак, на думку, аўтараў звароту, такія перамовы легітымізавалі б беларускія ўлады, якія да таго ж і не надта зацікаўленыя ў тым, каб беларускія грамадзяне ездзілі ў краіны Еўразвязу.

Нарэшце, трэці варыянт, які падаецца аўтарам звароту найлепшым, – усталяваць кошт шэнгенскай візы для ўсіх беларускіх грамадзян, незалежна ад іх адносінаў з уладамі іх краіны, у памеры 35 еўра. Менавіта такі кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Расіі і Украіны.

Чэшскія палітыкі упэўнены, што ЕЗ павінен прыняць неадкладныя меры да дапамогі і лібералізацыі працэдур атрымання візы для беларускіх грамадзян. “Толькі такое дзеянне можа дапамагчы выконваць галоўную мэту палітыкі ЕЗ да Беларусі, якая павінна спрасціць і ўзмацніць кантакты паміж грамадзянамі і далей дэмакратызаваць краіну”, – гаворыцца ў дакуменце.

Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)

‹‹ на галоўную | у архіў