Выстава беларускіх старадрукаў

У гэтыя дні ў латвійскай сталіцы можна пабачыць беларускія старадрукі. У адным з філіялаў Латвійскай акадэмічнай бібліятэкі (вул. Ліелвардэс, 24) пачала работу выстава “Беларусь-Латвія : гістарычны, навуковы і культурны дыялог”. Яе арганізавалі Латвійская акадэмічная бібліятэка сумесна з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Латвіі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці шматлікіх гасцей выставу адкрылі пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Аляксандр Герасіменка і дырэктар Латвійскай акадэмічнай бібліятэкі Вента Коцэрэ.

Больш за 300 экспанатаў з архіўных фондаў бібліятэкі, прысвечаных культурным і навуковым, гістарычным сувязям паміж дзвюма краінамі-суседзямі прадстаўлена ў экспазіцыі выставы. Сярод экспанатаў і такія, узрост якіх налічвае стагоддзі, і матэрыялы, якія датычацца самых апошніх дзён нашай сучаснай гісторыі.

На выставе можна ўбачыць таксама фотаматэрыялы з экспедыцый прафесара Яніны Курсітэ па тэрыторыі Беларусі ў пошуках слядоў пражывання латышоў у памежных рэгіёнах.

У калекцыі Латвійскай акадэмічнай бібліятэкі маецца шмат цікавых выданняў пра Беларусь, манаграфіі беларускіх вучоных, выданні літаратуры, мастацкія альбомы, праграмы тэатральных выстаў, фатаграфіі і іншыя матэрыялы.

У рамках выставы праходзіць і вернісаж беларускага мастака Мікалая Дундзіна з Віцебску. М. Дундзіна звязваюць добрыя творчыя сувязі з краязнаўчым музеям горада Лудзы. А зараз пазнаёміцца з яго творчасцю могуць жыхары і госці сталіцы.

Выстава працуе да 1 лютага 2008 г.

Паводле www.svitanak.lv

‹‹ на галоўную | у архіў