“Віня Пых” цяпер па-беларуску

У Познані свет пабачыла кніга “Віня Пых”. Гэта першы пераклад на беларускую мову сусветна вядомай кнігі Алана Мілна “Winnie-the-Pooh”. Аўтар перакладу – літаратар Віталь Воранаў.

“Дазвольце падзяліць з вамі цудоўную навіну! Яе мне прынёс той самы Дабрадушны Някемлівы Медзвядок, пра якога вы, напэўна, калі-небудзь ды чулі. Імя ў гэтага Медзвядка непаўторнае і трохі пухнатае, і гучыць яно Уіні-Важны-Пу, а жыве Медзвядок у пэўным далёкім ангельскім Лесе. Уіні-Важны-Пу паведаміў мне з адказнасцю, што дзеці ўсяго свету сябруюць з такімі самымі Медзвядкамі, і тыя маюць вельмі падобныя імёны. Гэтак дзеткі з Іспаніі сябруюць з Вінны-Пухам, дзеткі са Швецыі – з Налле-Пухам, дзеткі з Латвіі – з Віннійс-Пуксам, дзеткі з Расіі – з Вінні-Пухам, дзеткі з Польшчы – з Кубусем Пухаткам, а з Чэхіі – з Мэдвідкам Пу... Бяда толькі, што беларускі Медзвядок, якога клічуць Віня-Пых, загубіўся ці то ў Налібоцкай пушчы, ці то ў белавежскім гушчары, а можа, і між Браслаўскіх азёраў”, – з такім уступным словам звярнуўся да беларускіх дзяцей перакладчык.

Кніга, надрукаваная на 127 старонках, мае каляровыя, арыгінальныя малюнкі Эрнста Шэпарда. Тэкст быў перакладзены з мовы арыгіналу і выдадзены ў новым беларускім выдавецтве “Белы Крумкач” (Познань) у супрацоўніцтве з наследнікамі пісьменніка. Зараз да выдання рыхтуецца другая частка прыгод славутага Мядзведзіка.

Віталь Воранаў – літаратар, перакладчык , выдавец. Нарадзіўся 18 сакавіка 1983 году ў Менску. Сузаснавальнік і старшыня “Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў Познані” і выдавецтва “Белы Крумкач”. Студэнт Універсітэту імя Адама Міцкевіча ў Познані і Заходнячэшскага ўніверсітэту у Пльзені. Перакладчык “У чаканьні Гадо” Сэмюэла Бэкета і “Віня-Пыха” Алана Мілна на беларускую мову. Цяпер жыве ды навучаецца ў Чэхіі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў