Еўразвяз асудзіў разгон акцыі ў Мінску

Еўразвяз асудзіў выкарыстанне ў Беларусі сілы супраць любых мірных дэманстрантаў. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам мясцовае старшынства ЕЗ у Мінску асудзіла рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў 12 снежня, скіраваныя супраць мірных дэманстрантаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве амбасады Славаччыны ў Беларусі, распаўсюджанай сёння.

Амбасада Славаччыны ў Беларусі выконвае функцыі мясцовага прадстаўніцтва Еўразвязу ад імя Партугаліі.

“Мясцовае старшынства ЕЗ ізноў заклікае беларускія ўлады спыніць выкарыстанне сілы супраць сваіх грамадзян і патрабуе ад уладаў дазволіць беларусам выкарыстоўваць свае асноўныя правы, уключаючы права на сход і права на свабоду слова”, – гаворыцца ў заяве.

12 снежня ў Мінску прайшла несанкцыянаваная акцыя ў абарону беларускага суверэнітэту, прымеркаваная да візіту ў беларускую сталіцу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У часе яе міліцыянты моцна збілі моладзевага актывіста Змітра Хведарука і яшчэ некалькі чалавек.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў