У Варшаве прэзентавалі “Музычную партызанку”

10 снежня ў Варшаве адбылася прэм’ера дакументальнага фільму “Музычная партызанка”. Рэжысёрам фільму з’яўляецца Міраслаў Дэмбіньскі. Гэта ўжо другая дакументальная кінастужка рэжысёра, прысвечаная беларускай тэме.

Стужкі “Урок беларускай мовы” і “Музычная партызанка” здымаліся амаль адначасова. Апошняя апавядае пра беларускую рэчаіснасць вачыма музыкаў, якія часта становяцца “музычнымі партызанамі”.

М. Дэмбіньскі кажа, што вярнуўся да беларускай тэмы, бо ў дадзены момант у Беларусі адбываюцца гістарычныя падзеі. “У бліжэйшым часе пэўна будзе яшчэ цікавей. Я не хачу быць прарокам, але, мне здаецца, што неўзабаве там пачнуцца перамены. Сітуацыя ў Беларусі развіваецца вельмі дынамічна. А сачыць за ёй надзвычай цікава. Я кажу не толькі пра палітычную сітуацыю, але і грамадскую, хоць яны моцна звязаныя. Я не журналіст і не палітолаг, таму мяне найперш цікавяць людзі. Я раблю дакументальныя фільмы пра змены ў маладым пакаленні, пра тое, як гартуецца іх самасвядомасць”, - распавядае М. Дэмбіньскі.

Міраслаў Дэмбіньскі апошні раз у Беларусі быў перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2006 г. Пасля яго дэпартавалі, і ён больш не атрымаў беларускай візы. Аднак, як кажа рэжысёр, там засталіся сябры, таму жаданне наведаць Беларусь толькі мацнее.

“Мне вельмі шкада, што я не магу паехаць у Беларусь. Гэта цудоўная краіна, хоць палітычная сітуацыя мне, зразумела, не падабаецца. Гэта маё вельмі суб'ектыўнае меркаванне, але я раблю аналогію паміж беларускай рэчаіснасцю і маёй маладосцю. Гэта часы Польскай Народнай Рэспублікі. Ёсць шмат адмоўных успамінаў пра гэты час, я рабіў усё, каб часы камунізму мінулі, нават адсядзеў свае суткі. Але я цяпер кажу пра адносіны паміж людзьмі. У Польшчы кожны спяшаецца, каб паўсюдна быць першым. Мы не маем глыбокай сувязі паміж людзьмі, якая адчуваецца ў Беларусі”, – мяркуе рэжысёр.

Міраслаў Дэмбіньскі расказвае, што здымаць было складана. Як і першы фільм “Урок беларускай мовы”, так і “Музычная партызанка” часткова рэжысіраваліся праз мабільны тэлефон. Аператары былі ў Беларусі, а М. Дэмбіньскі – у Польшчы.

Фільм расказвае пра музыкаў, пра іх музычныя туры па Беларусі і Польшчы. Аднак “Музычная партызанка” вяртаецца да падзеяў на Кастрычніцкім пляцу 2006 г.

“Падзеі ў фільме пераносяцца на пляц, бо там гучалі тыя ж самыя песні. На пляцу пратэставалі тыя ж самыя музыкі. Таксама нашая галоўная гераіня Святлана апынулася ў выніку на Акрэсціна. У вязніцы яны надалей спявалі. І гэта для мяне вельмі сімвалічна і фантастычна. Ім забаранялі, а яны спявалі. Можна зняволіць чалавека, але песню і душу чалавека не зачыніш за кратамі. Менавіта гэтаю думкаю заканчваецца фільм, спадзяюся, вельмі аптымістычна. Лукашэнка не перамог, бо не арыштаваў музыку. Гэтага нельга зрабіць”, – упэўнены М. Дэмбіньскі.

М. Дэмбіньскі кажа, што гэта не музычны фільм. Стужка расказвае пра маладых людзей, для якіх музыка з’яўляецца вельмі важным элементам жыцця. У фільме музыка стала спосабам, дзякуючы якому можна перадаць свае пачуцці і эмоцыі, выказаць сваё стаўленне да рэчаіснасці.

Фільм “Музычная партызанка” быў паказаны з нагоды адкрыцця польскай тэлевізіі для Беларусі “Белсат”, які, нагадаем, пачаў вяшчанне 10 снежня.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў