Новыя мультфільмы ад “Трэцяга шляху”
Аматары сатырычных мультфільмаў “Мультклубу” атрымаюць магчымасць глядзець новыя творы. 10 снежня запрацаваў праект “Народнае тэлебачанне”, падрыхтаваны актывістамі маладзёвай ініцыятывы “Трэці шлях”. Гэта будзе працяг скандальна вядомага “Мультклубу”.
Каардынатар “Трэцяга шляху” Павел Марозаў заявіў, што новая назва падкрэсліць ягоную адкрытасць для ўсіх, хто жадае не толькі глядзець мультсерыял, але і дапамагаць “Народнаму тэлебачанню” сваімі ідэямі.
Нагадаем, у 2005 г. супраць стваральнікаў “Мультклубу” ўзбудзілі крымінальную справу па абвінавачанню ў паклёпе на прэзідэнта краіны. Персанаж мульфільмаў падаўся следчаму пракуратуры Аляксандрам Лукашэнкам, хаця аўтары папярэджваюць: супадзенне герояў і рэальных людзей выпадковае. Мастак Алег Мініч з’ехаў ва Украіну, а пасля – у Германію. П. Марозаў і адміністратар сайту “Мультклуба” Андрэй Абозаў папрасілі палітычнага прытулку ў Эстоніі.
Праз два гады праект вырашылі аднавіць. Але з новай камандай. “Трэці шлях” па-ранейшаму будзе курыраваць мультпраект, але ствараць яго будуць зусім іншыя людзі. А. Мініч не ўдзельнічае ў “Народным тэлебачанні”, большасць аўтараў мульцікаў кантактуюць паміж сабой праз інтэрнэт.
Зараз падрыхтаваны тры мульты. Арганізатары “Народнага тэлебачання” абяцаюць выпускаць 3-4 мультфільмы штомесяц. Таксама ў планах – выпуск камп’ютэрнай гульні па матывах беларускай рэчаіснасці.
Паводле радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|