“Крамбамбуля” прэзентуе інтэрнэт-сінгл “Дольчэ Віта”

Гурт “Крамбамбуля” 12 снежня зайграе сольны канцэрт у мінскім клубе “Фартуна”. На выступе адбудзецца прэм’ера інтэрнэт-сінгла “Дольчэ віта”, рэліз якога павінен адбыцца днямі, а таксама прагучаць лепшыя песні гурту.

“Дольчэ віта” — новы запіс гурту пасля альбома “Крамбамбуля Святочная”, які з’явіўся вясной 2007 г. Песня на мяжы поп-музыкі і року ў фірмовым іранічным стылі распавядае пра жыццё звычайнага чалавека і яго мары.

“Гэта простая песня, якая на мой погляд больш падобная да “Каралёў раёну”, — распавядае Лявон Вольскі. — Яна неяк сама па сабе з’явілася некалькі месяцаў таму падчас рэпетыцый. Пакуль што аніякай канчатковай мэты ў выглядзе новага альбома ці яго канцэпцыі яшчэ няма, таму нават не ведаю, ці патрапіць яна туды”.

Сольны выступ 12 снежня у клубе “Фартуна”, на якім адбудзецца яе прэм’ера, атрымаў назву “Зімовы канцэрт”. На ім прагучаць таксама лепшыя песні “Крамбамбулі” з усіх чатырох студыйных альбомаў гурту.

Пачатак у 19 гадзін.

Паводле tut.by

‹‹ на галоўную | у архіў