Урачыстасць у садзе
У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” свет пабачыла новая кніга “Урачыстасць у садзе”. Гэта зборнік драматургічных твораў і перакладаў беларускіх аўтараў замежжа. Пераважная большасць з твораў былі раней апублікаваныя толькі ў эміграцыйным перыядычным друку і мелі абмежаваны доступ да чытача.
“Кожны з аўтараў гэтага зборніка усё жыцця самаахвярна адданы ідэям 25 сакавіка, ідэям свабоды і незалежнасці Беларусі, у той ці іншай ступені паспытаў на сабе, што такое карны пераслед пануючай на радзіме ўлады. Бальшыня з гэтых таленавітых людзей была вымушана пакінуць Бацькаўшчыну і жыць у выгнанні, працягваць грамадскую і літаратурную працу ў шэрагах беларускай дыяспары”, - адзначыў аўтар прадмовы да кнігі і ўкладальнік Ванкарэм Нікіфаровіч (Чыкага).
У кнізе змешчаныя наступныя творы: “У свет” (Антось Галіна (Міхась Міцкевіч)), “Здрада” (П. Зніч (Пётра Крэчэўскі)), “Ліхадзейка” (Аўген Кавалеўскі), некалькі твораў Янкі Юхнаўца, у тым ліку нарыс “Урачыстасць у садзе”, назва якога і стала назвай для кнігі і інш. драма для чытання Лявона Юрэвіча “Сакрэт Антона Адамовіча”, п’еса Кастуся Акулы “Тараканы ў саладусе” і інш. Да кожнага твору змешчаныя біяграмы аўтараў і перакладчыкаў.
Тыднёвік “Наша Ніва”, які змясціў рэцэнзію на збор таксама дадае: “Змешчаная ў зборніку і казачная драма нобелеўскага лаўрэата 1912 г., патрыярха нямецкай літаратуры Герхарда Гаўптмана “Затонуты звон” у перакладзе Наталлі Арсенневай. Казка, між іншым, ставілася на сцэне мінскага гарадскога тэатра падчас нямецкай акупацыі, як, зрэшты, і “Лясное возера” і “Усяслаў Чарадзей” Арсенневай, што таксама ўвайшлі ў гэтую кнігу”.
У Дадатку прыводзяцца літаратуразнаўчы артыкул Л. Юрэвіча “Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі”, а таксама бібліяграфія артыкулаў пра тэатр і драматургію, што друкаваліся ў газетах “Беларус” і “Бацькаўшчына”.
У афармленні вокладкі выкарыстаныя рэпрадукцыі карцінаў Янкі Юхнаўца
14-я кніга ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выпушчаная МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сумесна з БІНІМам.
Зборнік “Урачыстасць у садзе” шукайце ў кнігарнях або незалежных распаўсюднікаў, у тым ліку на knihi.net, у Алеся Мазаніка (кніжны кірмаш на вул. Купалы, 27, тэл. +375 29 757 58 67.
Урачыстасць у садзе: Драматургія беларускай эміграцыі ХХ ст. — Мінск, Медысонт, 2007. — 536 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 14)

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|