“Дзеяслоў” раздаў “Залатыя апострафы”

30 кастрычніка ў Гістарычнай майстэрні адбылася вечарына, прысвечаная пяцігоддзю літаратурнага часопісу “Дзеяслоў”. Пісьменнікі хацелі правесці імпрэзу ў Доме літаратара, але ім адмовілі ў арэндзе памяшкання. Невялікая зала майстэрні ледзьве змагла змясціць усіх жадаючых трапіць на прэзентацыю.

У вітальным слове галоўны рэдактар “Дзеяслову” Барыс Пятровіч адзначыў: “Пяць гадоў таму, калі мы стваралі часопіс, нават самыя вялікія аптымісты не верылі, што мы столькі праіснуём. Ніхто не верыў, што мы зможам выжыць, але мы засталіся. Гэта былі гады суцэльнага экстрыму і знаходжання на лязе нажа. Разам з тым, мы змаглі выпусціць трыццаць нумароў “Дзеяслова”, пяць кніг у бібліятэчцы часопіса, надрукаваць сотні аўтараў, правесці мноства сустрэч з чытачамі па ўсіх кутках Беларусі”.

На імпрэзе прысутнічала адразу два дыпламаты – пасол Ізраілю Зэеў Бэн-Ар’е і кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі ў Мінску Стэфан Эрыксан. Абодва дыпламаты прамаўлялі па-беларуску.

“Я ведаю, што ёсць людзі, якія лічаць, што на беларускай мове нельга выказаць глыбокіх пачуццяў і думак. Мне падаецца, што часопіс “Дзеяслоў” акурат даказвае адваротнае. асабіста я апошнім часам думаю пра тое, каб кінуць дыпламатычную працу і заняцца перакладамі з беларускай мовы на шведскую”, – адзначыў С. Эрыксан.

Выступ сп. Бэн-Ар’е аказаўся сугучным з прамовай С. Эрыксана. “Пасол – гэта хобі, мая праца – гэта літаратурныя пераклады. Я маю поўную падборку “Дзеяслова” і прызнаюся, каб ня гэты часопіс мая місія ў Беларусі была б менш цікавая. Я ведаю многіх беларускіх пісьменнікаў, ведаю, як годных людзей, з якімі заўсёды можна паразмаўляць па душах ці кульнуць чарку. Я кажу гэта, як габрэйскі нацыяналіст. Бо толькі нацыяналіст, палюбіўшы сваю культуру і краіну, можа палюбіць і зразумець іншыя культуры”, – сказаў Зееў Бэн-Ар’е. Спадар пасол прэзентаваў рэдакцыі “Дзеяслову” апошні нумар ізраільскага літаратурнага часопісу “Гаг” (“Дах”), дзе змешчаны ягоны пераклад на іўрыт апавядання Васіля Быкава “Бедныя людзі”.

Пасля былі зачытаныя вітанні ад паэтаў Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна, якія праз стан здароўя не змаглі прыйсці на прэзентацыю.

На некалькі хвілін у гістарычную майстэрню завітаў спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Ён выканаў тры песні на вершы трох аўтараў “Дзеяслова” – Уладзімера Някляева, Андрэя Хадановіча і Рыгора Барадуліна.

Напрыканцы імпрэзы рэдакцыя часопісу “Дзеяслоў” ужо ў чацвёрты раз раздала свае прэміі ў намінацыях “проза”, “паэзія” і “дэбют”. Найлепшай празаічнай публікацыяй гэтага году прызнаная аповесць Вольгі Іпатавай “Ахвяры свяшчэннага дуба”, паэтычнай – нізка вершаў Рыгора Сітніцы “І голас Бога слухае душа...”. У намінацыі дэбют перамагла Лізавета Дамініка Панамарова за нізку вершаў “Крылы”.

Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў