70 гадоў таму ў Мінску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі
29 кастрычніка 1937 г. у Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя. На працягу ночы былі расстраляныя 22 беларускія і літаратары, у наступную ноч яшчэ чацвёра.
Пісьменнік Леанід Маракоў, які днямі прэзентаваў сваю кнігу “Ахвяры і карнікі”, кажа: “Тады, 29 і 30 кастрычніка, у Менску ўсяго расстралялі каля 100 чалавек, эліту нацыі, інтэлігенцыю. А любімыя дні ў катаў для расстрэлаў былі – менавіта кастрычніцкія святы і Дзень Савецкай Арміі”.
Ахвярамі сталінскага генацыду 29 кастрычніка сталі літаратары Якаў Бранштэйн Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Язэп Каранеўскі, Майсей Кульбак, Аляксей Кучынскі, Саламон Левін, Юрка Лягвонны, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Макар Шалай, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон. У наступную ноч расстралялі Прохара Іспраўнікава, Янку Нёманскага, Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго – 26 чалавек. Не ратавалі ні ўзрост, ні талент, ні пасада. Паэту Валерыю Маракову было 27, яго высока цаніў Янка Купала. Міхась Чарот быў рэдактарам “Советской Белоруссии”, Платон Галавач – сакратаром ЦК камсамола Беларусі. І яго расстралялі ў дзень нараджэння камсамола.
На пачатку 1990-х, калі старшынём КДБ быў Эдуард Шыркоўскі, літаратуразнаўца Лідзія Савік была дапушчаная ў архівы КДБ: “Мы вельмі спадзяваліся, што ў архівах знойдзем іхныя творы. Мы ж ужо ведалі, што разам з літаратарамі арыштоўвалі і іхныя творы, нават тыя, якія ўжо паспелі выйсці. Аднак мы натыкаліся ў пратаколах арышту на “Акт аб спаленні”. У Міхася Зарэцкага быў напісаны раман “Крывічы”, першая частка ўжо была надрукаваная. І мы чытаем: “800 старонак рукапісу Міхася Зарэцкага спаліць як не маючых літаратурнай каштоўнасці”. І другое, на што мы натыкаліся – “Акт аб прывядзенні прысуду ў дзеянне”.
Л. Савік на ўласныя вочы бачыла і пратаколы допытаў, і смяротныя прысуды, падпісаныя тагачасным старшынёй Вярхоўнага Суду Васілём Карпікам, у якіх пісалі “прыгавораны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны”. Лідзія Сымонаўна кажа, што падчас працы ў архіве яна шукала дакладную інфармацыю, дзе і калі былі расстраляныя людзі, бо ў савецкіх выданнях, энцыклапедыях, калі згадваліся гэтыя людзі, былі непраўдзівыя звесткі: “Нідзе не ўзгадавалася, што яны расстраляныя ці памерлі ў 1937 г. Заўсёды былі непраўдзівыя звесткі кшталту “памёр ад разрыву сэрца ў 1941 ці 43 годзе. І сапраўды з пратаколаў мы “выведвалі” сапраўдныя даты расстрэлу і што яны расстраляныя ў Мінску. Хутчэй за ўсё, у Курапатах, на ўскрайку Парку Чэлюскінцаў, у Лошыцы”.
Каля ста беларускіх літаратараў загінулі ў ГУЛАГу, не вытрымаўшы здзекаў і ўмоваў жыцця. А ўсяго было рэпрэсавана больш за 500 прафесійных літаратараў.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|