Артур Фінкевіч змешчаны ў ізалятар
Адзін з лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінкевіч, які адбывае пакаранне у магілёўскай спецкамендатуры, змешчаны ў следчы ізалятар. Тут ён будзе знаходзіцца да суду.
Як распавялі паплечнікі А. Фінкевіча, некалькі дзён таму моладзевы актывіст атрымаў чацвёртае спагнанне ад адміністрацыі спецкамендатуры – нібыта за перавышэнне алкаголю ў крыві, выяўленага падчас медыцынскага агляду. У самой папраўчай установе дакладныя прычыны чарговага спагнання не называюць.
На хлопца завялі крымінальную справу паводле 415-га артыкулу (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). За парушэнне правілаў знаходжання на “хіміі” Крымінальны кодэкс прадугледжвае зняволенне тэрмінам ад аднаго да трох гадоў.
У аўторак 30 кастрычніка з А. Фінкевічам сустрэнецца адвакат Ганна Рыбалка. Пасля чаго, як чакаецца, стануць вядомыя падрабязнасці справы.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. А. Фінкевіч за палітычныя графіці быў пакараны абмежаваннем волі на два гады. Тэрмін адбыцця пакарання завяршаецца сёлета ў снежні.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|