Габрэйскія арганізацыі адрэагавалі на выказванне А.Лукашэнкі

Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчынаў выказаў занепакоенасць выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў — яны прагучалі 12 кастрычніка на канферэнцыі для расійскіх журналістаў. Вось цытата з заявы: “Наш непакой выкліканы перадусім тым, што неасцярожнае выказванне можа заклікаць да непрадказальных паводзінаў на побытавым узроўні тых, хто з’яўляецца носьбітам разбуральнай бацылы антысемітызму”. Вось меркаванне старшыні Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчынаў Леаніда Левіна.

“Мы вельмі сціпла ўсё гэта зрабілі. Мы разумныя людзі, і хацелі паказаць, што ў гэтай сітуацыі ня трэба ўсё секчы сякерамі. Трэба паказаць сваю інтэлігентнасць, сваю адукаванасць, сваю грамадскую пазіцыю. Мы жывем у гэтай краіне, мы любім яе.

Некалькі разоў збіраліся, раіліся — і знайшлі вось такую сярэдзіну. Гэта калектыўная наша парада”, — кажа Леанід Левін.

Ён згадвае ранейшыя прыклады, калі беларуская ўлада правакавала праявы антысемітызму. Са словаў суразмоўцы, да сёння здараецца вандалізм на могілках і апаганьванне месцаў масавых пахаванняў габрэяў ды людзей іншых нацыянальнасцяў.

Таксама Л. Левін не згодны з выказваннем А. Лукашэнкі — што Бабруйск нібыта быў пры габрэях “свінушнікам”: “Вось вы ўехалі ў Бабруйск — адразу шынны завод, нязграбны вялікі помнік, яшчэ нешта такое... Але калі ты наведаеш вулкі, то ў палон забіраюць карані нашай гісторыі і спадчыны. Таму для мяне Бабруйск — горад вельмі цудоўны. Вельмі цікавы. І вельмі прыгожы. І не таму прыгожы, што сёння там будуюць вялікі палац са шкла і бетону. Не”.

На прэсавай канферэнцыі 12 кастрычніка А. Лукашэнка заявіў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было ўвайсці! Свінушнік быў! Гэта быў у асноўным габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў