Народны літаратурны тэатр “Жывое слова” 25-га кастрычніка адкрывае новы сезон
Усіх прыхільнікаў тэатральнага мастацтва будуць чакаць а 19-ай у 500-ай аўдыторыі другога корпуса БДПУ імя Максіма Танка па адрасе вул. Савецкая, 18. Менавіта тут вось ужо 42-гі тэатральны сезон збіраюцца студэнты, якіх вабіць сцэна, каму хочацца шукаць, тварыць і перамагаць.
“Жывое слова” – унікальны і адзіны такога кшталту тэатр у Беларусі, бо працуе выключна па-беларуску. Трупу складаюць непрафесійныя акцёры, пераважна студэнты БДПУ імя М. Танка. Ёсць таксама прадстаўнікі іншых навучальных устаноў і тыя, хто студэнтам быў некалькі гадоў таму.
Ля вытокаў “Жывога слова” стаяў былы артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, цяперашні выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. Праз 11 гадоў з моманту ўтварэння тэатр атрымаў ганаровае званне “народны”. З 1991 г. новымі кіраўнікамі сталі Алена і Юрась Чарэнкі – вучні Андрэя Каляды, а зараз калектывам кіруюць выпускніца “Жывога слова” Наталля Кухарава (мастацкі кіраўнік), Уладзімір Трапянок і Алеся Сівохіна (рэжысёры).
Рэпертуар тэатра вельмі разнастайны. Гэта пастаноўкі паводле твораў беларускай літаратуры, перакладаў сусветнай класікі; шматлікія канцэртныя праграмы, літаратурна-музычныя кампазіцыі і іншыя творчыя праекты паводле аўтарскіх спроб “жываслоўцаў”.
Імпрэза, якая адбудзецца 25-га кастрычніка, называецца “У госці да герояў спектакля і не толькі…”. Гледачы ўбачаць фрагменты з пастаноўкі “Я кахаЮ” паводле п’есы В. Мухінай “Ю” (спектакль прызнаны лепшым паводле інтэрнет-галасавання на 4-ым Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”, што праходзіў у Мінску сёлета з 1-га па 6-га кастрычніка), канцэртныя нумары – песні, танцы, мініяцюры, якія трывала ўвайшлі ў рэпертуар тэатра; змогуць паспрабаваць сябе ў ролі артыста.
Зараз “Жывое слова” ажыццяўляе набор новых удзельнікаў трупы. Калі ваша душа прагне творчасці, вам трэба рэалізаваць свае мастацкія задумы, калі вам сніцца сцэна і ёсць вялікае жаданне тварыць на ёй, арганізатары запрашаюць на сустрэчу 25-га кастрычніка.
Паводле afisha.tut.by
|