Малочныя прадукты падаражаюць
Міністэрства эканомікі Беларусі падвысіла ўзровень лімітавых адпускных цэн на малако, кефір, смятану і тварог, паведаміў намеснік міністра эканомікі Уладзімір Адашкевіч.
“У сувязі з падаражаннем кошту малочнай сыравіны (у кастрычніку закупныя цэны падвышаныя на 10%), для недапушчэння пагаршэння фінансавага становішча перапрацоўчых прадпрыемстваў і забеспячэння своечасовасці разлікаў з сельгасарганізацыямі за малако, пастановай Міністэрства эканомікі ад 15 кастрычніка 2007 года №180 узровень лімітавых адпускных цэн на малако, кефір, смятану і тварог падвышаны з улікам іх павелічэння ў кастрычніку і лістападзе 2007 года ў сярэднім на 3% у месяц, у снежні – да 2%", – паведаміў У.Адашкевіч.
На іншыя віды малочнай прадукцыі, на якія не прадугледжанае дзяржаўнае рэгуляванне цэн (масла, сыры, малочныя дэсерты і іншыя), Мінэканомікі рэкамендуе малакаперапрацоўчым арганізацыям, аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму рабіць аналагічнае паэтапнае змяненне цэн цягам чацвёртага квартала гэтага года да 2-3% у месяц, у тым ліку на сыры ў кастрычніку гэтага года – да 5%, дадаў намеснік міністра.
На муку пшанічную для хлебапячэння, хлеб і хлебабулачныя вырабы, зернеперапрацоўчыя і пякарныя арганізацыі цяпер для кампенсавання падаражання кошту збожжа новага ўраджаю “здзяйсняюць эканамічна абгрунтаванае паэтапнае змяненне адпускных цэн у рамках усталяваных параметраў інфляцыі ў памеры 0,5%, але не вышэй за зацверджаныя міністэрствам эканомікі лімітавыя адпускныя цэны на дадзеную прадукцыю”, – зазначыў У.Адашкевіч. Узровень адзіных па рэспубліцы лімітавых адпускных цэн быў падвышаны ў жніўні–верасні 2007 г. на асноўныя гатункі мукі пшанічнай на 9%, на масавыя віды хлеба і булачных вырабаў – на 5-6%.
Паводле ІА “Интерфакс-Запад” і “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|