Аляксандр Лукашэнка даў згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі

Кіраўнік беларускай дзяржавы ухваліў праект пагаднення для перамоваў паміж Беларуссю і Еўракамісіяй аб адкрыцці ў Мінску прадстаўніцтва гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Намесніку міністра замежных спраў Валерыю Варанецкаму даручана весці далейшыя перамовы.

Амаль пяць гадоў таму ў Кіеве адкрыўся офіс Еўракамісіі, які першапачаткова ахопліваў сваёй дзейнасцю Украіну, Малдову і Беларусь. Два гады таму ў Кішынёве пачаў працаваць самастойны офіс.

Яшчэ на пачатку 2005 г. Еўракамісія звярнулася да беларускіх уладаў з прапановай аб адкрыцці самастойнага офісу ў Мінску. Але толькі сёлета ў красавіку беларускія ўлады далі сігнал Бруселю, што яны гатовыя абмяркоўваць гэтае пытанне.

Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька пракаментаваў: “Намеры Аляксандра .Лукашэнкі зразумелыя – ён хоча як мага даражэй прадаць Бруселю адкрыццё офісу. Было б надзвычай цікава ведаць, што ён просіць узамен”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў