Змітра Дашкевіча “дасужваюць”
Справу лідэра “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча перадалі ў Шклоўскі раённы суд. Паводле другога абвінавачання, актывісту, які ўжо асуджаны на паўтара году, пагражае яшчэ шэсць месяцаў зняволення.
Пракуратуры Шклоўскага раёну хапіла аднаго дня, каб вывучыць справу Зм. Дашкевіча, пагадзіцца з высновамі следства пра віну актывіста і перадаць справу на разгляд у Шклоўскі раённы суд.
“15 кастрычніка справа накіраваная ў пракуратуру, а 16-га накіраваная ў суд. Калі будзе працэс, мне невядома. У судзе самі з гэтым вызначаюцца”, — паведаміў следчы Сяргей Лох, які вёў справу.
Нагадаем, Змітра Дашкевіча абвінавацілі ў адмове даваць паказанні паводле справы актывістаў “Маладога фронту”. За гэта яму пагражае паўгады зняволення.
Паводле адваката Аляксандра Галіева, які абараняе Дашкевіча, той не прызнае сябе вінаватым. Актывіст лічыць, што меў права адмовіцца ад паказанняў, бо яго асудзілі паводле аналагічных абставінаў і ягоныя паказанні могуць выкарыстаць супраць яго ж. Да таго ж закон дазваляе чалавеку не сведчыць супраць сябе.
Вядома, што ў Шклоўскай калоніі Зм. Дашкевічу далі цяжкую фізічную працу, з-за чаго юнак трапіў у шпіталь. Як ён пачувае сабе цяпер? Вось што адказаў С. Лох, які бачыў падследнага падчас канчатковага азнаямлення са справай: “Нармальна. Ва ўсялякім разе, скаргаў не выказваў”.
У Шклоўскім судзе паведамілі, што справу Зм. Дашкевіча будзе разглядаць суддзя Тацяна Кашкіна. Дату пачатку працэсу яшчэ не прызначылі.
Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч летась быў асуджаны на паўтара году зняволення за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сёлета шэраг актывістаў “Маладога фронту” аштрафавалі і папярэдзілі паводле такога ж абвінавачання.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|