Лепшыя беларускамоўныя гурты атрымаюць узнагароды
18-19 кастрычніка запланаваны фэст кліпаў беларускамоўных выканаўцаў “Кліп-марафон 2007”. На імпрэзе будуць прадэманстраваныя больш за 30 музычных відэа, зробленыя ў перыяд ад 1991 да 2007 г.
У першы дзень “Кліп-марафона 2007” паказаныя найноўшыя і рарытэтныя запісы, у другі дзень адбудзецца конкурсная частка. Усе кліпы падзеленыя на шэсць намінацыяў згодна з музычным стылем. Госці фестывалю будуць галасаваць за найлепшыя ролікі. Пераможцы атрымаюць памятныя статуэткі і ганаровыя дыпломы.
У “Кліп-марафоне” возьмуць удзел вядомыя беларускія гурты: “N.R.M.”, “Крамбамбуля”, “Стары Ольса”, “Zet”, “Нэўра Дзюбель”, “Крок”, “:B:N:”, “PLAN”, “IQ48”, “Палац”, “Зьніч”, “Бонда” і многія іншыя. Большасць з іх патрапіла ў так званы “чорны спіс забароненых музыкаў” за сваю палітычную пазіцыю, і не маюць магчымасці свабодна выступаць. Моладзь БНФ плануе выдаць мультымедыйны CD з найлепшымі кліпамі, а таксама інфармацыйныя матэрыялы пра беларускіх музыкаў.
Фэст праходзіць на Сядзібе БНФ, пр. Машэрава, 8. Удзел прымуць Лявон Вольскі, Андрэй Плясанаў, Павал Свярдлоў і многія іншыя.
Паводле “Салідарнасці” (www.gazetaby.com)
|