“Вельмі добра, што мы мелі магчымасць сабрацца ўсе разам”
Першыя ўражанні ад з’езду ФНКА “Беларусы Расіі” выказалі прадстаўнікі беларускай дыяспары.
“Вельмі добра, што мы сустрэліся разам. Мы заўсёды гэтаму рады. Мы ж сябруем: Томск, Цюмень, Тамара, Краснадар і іншыя”, - распавяла дырэктар Новасібірскага цэнтру беларускай культуры Ніна Кабанава. Падобныя меркаванні выказалі і прадстаўнікі іншых беларускіх суполак. Мала таго яны прасілі падобныя мерапрыемствы рабіць як мага часцей.
“Мне падаецца, такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары знаёміліся паміж сабой, абменьваліся вопытам. Напрыклад гэта могуць быць канферэнцыі ў час паміж з’ездамі. Там можна было б да таго ж абмяркоўваць куды далей павінна рухацца ФНКА, планы дзейнасці”, - адзначыў Аляксандр Станкевіч, сябра праўлення Санкт-Пецярбургскага беларускага грамадска-культурнага таварыства.
Удзельнікі адзначылі цікавыя выступы з’езду. Так, грунтоўнымі і змястоўнымі назвала Сафія Антоненка, старшыня праўлення Беларускага зямляцтва на Алтаі выступ Алега Рудакова, старшыні Іркуцкага таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага, Любові Адаскевіч, кіраўніка праўлення Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска і Алены Макоўскай, старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. “З’езд у мяне пакінуў добрыя ўражанні”, - сказала яна.
Выказалі беларусы Расіі і пажаданні аб пашырэнні ФНКА. “ФНКА “Беларусы Расіі” канечне не прадстаўляе ўсе беларускія арганізацыі Расіі. Я лічу, што браць да сабе трэба і беларускія клубы, іншыя беларускія суполкі, дапамагаць і працаваць з імі”, - распавёў Пётр Масюк, старшыня праўлення НКА “Беларусы Свераморска” (Мурманская вобласць).
Пры гэтым удзельнікі наракалі і на хібы падрыхтоўкі мерапрыемства. Так Н. Кабанава адзначыла “нізкі ўзровень арганізацыі”. “Нават мы рэгіянальныя арганізацыі ведаем, што трэба сустрэць, накарміць. А тут было адчуванне непатрэбнасці”, - сказала яна. З ёй была згодна і С. Антоненка. Яна ж адзначыла парушэнні працэдуры выбараў і выказала здзіўленне, што ўдзельнікі так і не атрымалі на рукі надрукаваную копію выніковага рашэння з’езду.
Удзельнікі з’езду таксама адзначылі недахоп часу на з’ездзе. “Было мала часу, мала магчымасцей проста паразмаўляць прадстаўнікам розных беларускіх суполак. За першы вечар мы фактычна нічога не паспелі, а другі дзень цалкам заняў з’езд. А на з’едзе – усё напісана, не было жывых стасункаў паміж людзьмі”, - заўважыў П. Масюк.
Пра фармальнасць выступаў і самога з’езду сказаў А. Станкевіч: “З’езд праходзіў па спланаванаму сцэнару. Нагадаў справаздачна-выбарную партыйную канферэнцыю 20-30 год таму. На ім прывялі толькі справаздачу пра поспехі, а праблемы беларускай дыяспары практычна не закраналіся”. Ён таксама адзначыў, што за справаздачамі аб поспехах забыліся распрацаваць стратэгію працы ФНКА на будучыню.
Н. Кабанава распавяла, што не спадзяецца на тое, што ФНКА пачне вырашаць нейкія праблемы суполак у рэгіёнах. “Спадзяванняў на вырашэнне нейкіх праблемаў не было. Калі столькі год ФНКА іх не вырашала, то чаму павінна нешта змяніцца? Калі б новыя кадры з’явіліся, але ў прынцыпе можа быць і зменіцца нешта. Можа быць, сп. Каўрыгу прабрало, можа ён пачуў праўду”, - распавяла яна.
“Не думаю, што ў з’езду была нейкая асаблівая задача. Асноўная, якую адзначалі на працягу ўсяго паседжання – саюз Беларусі і Расіі, - адзначыў П. Масюк. Ён жа дадаў, што пры магчымасці хацеў бы звярнуцца да афіцыйнай беларускай дэлегацыі з просьбай распрацаваць “праграму па вяртанню беларусаў у Беларусь”: “Сёння ж бачна, што выканаўчыя беларускія ўлады ў гэтым не зацікаўленыя, праграма не дзейнічае. Я думаю, што калі б яна з’явілася, то былі б і ахвотныя. Сёння ж чалавек пра ўсё павінны клапаціцца сам: прадаваць, набываць, уладкоўвацца – без дапамогі дзяржавы”.
|