Выступ старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай на ІІІ з’ездзе ФНКА “Беларусы Расіі” 13 кастрычніка 2007 г.

Шаноўныя дэлегаты і госці з’езду!

Ад імя Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” вітаем Вас. Жадаем плённай працы вашаму высокаму  форуму.

Правядзенне з’езду мае важнае значэнне, бо такім чынам усталёўваецца платформа для дыялогу і абмеркавання існуючых пытанняў у асяродках  беларускай дыяспары Расіі.

Па розных звестках  ад 3,5 да 5 млн. беларусаў пражываюць у 73 краінах свету, і толькі ў 25 краінах ёсць арганізацыі беларускай дыяспары, якія працуюць з рознай ступенню эфектыўнасці.

“Бацькаўшчына” цягам 17 гадоў (з 1990 г.) шчыльна супрацоўнічае з гэтымі  арганізацыямі, мае свае рэгіянальныя структуры ў Беларусі і замежжы. Наша асноўная мэта  – умацаванне сувязяў і супрацоўніцтва паміж беларускай дыяспарай і Беларуссю, кансалідацыя беларусаў, захаванне іх нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.  

Непасрэднае ўзаемадзеянне Згуртавання і асяродкаў беларускага замежжа, з’езды беларусаў свету, што склікаюцца намі кожныя 4 гады дазваляюць мець аб’ектыўную інфармацыю як пра дасягненні, так і праблемы беларускага замежжа. У 2001 г. “Бацькаўшчына” стварыла інфармацыйны цэнтр, які займаецца зборам інфармацыі пра беларускую культурную спадчыну за мяжой (цэрквы, культурныя цэнтры, школы, бібліятэкі і інш.), створана кола кансультантаў і аналітыкаў, якія займаюцца даследаваннямі працэсаў у беларускай дыяспары, пытаннямі захавання беларускай культурнай спадчыны.

Цягам апошніх 10 гадоў “Бацькаўшчына”, на жаль,  канстатуе негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з падзеннем актыўнасці беларускіх асяродкаў за мяжой, павышанымі тэмпамі асіміляцыі замежных беларусаў. І звязана гэта найперш за ўсё з адсутнасцю дзяржаўных нарматыўных дакументаў, якія рэгулявалі б стасункі Беларусі з беларускай дыяспарай, дазволілі б аказваць не разавую, а сістэмную падтрымку беларускаму замежжу, што натуральна актывізавала б і зваротны працэс – дапамогі Беларусі з боку беларускай дыяспары.

Абнадзейвае, што беларускія дзяржаўныя органы ў гэтым годзе чарговы раз вярнуліся да распрацоўкі законапраекта “Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой”. Спадзяемся, што гэта не дэкларацыя. Нагадваем, праект закона пачаў распрацоўвацца ў 2001 г., дзяржаўная праграма мелася быць прынятай у 2002 годзе тэрмінам да 2010. Але што мы маем цяпер – 2007 год, а  закон і праграма працягваюць існаваць толькі на паперы, на сталах чыноўнікаў.

А мiж тым, працэсы ў дыяспары гэтыя гады не стаяць на месцы. Беларусы працягваюць масава выязджаць за мяжу, асiмiлюючыся там. Усе працэсы, што iшлi ў Беларусi гэты час, знаходзiлi свой адбiтак i ў дыяспары: падзел на сваiх i чужых, адсутнасць кансалiдацыi, маргiналiзацыя. Вельмi сумна на гэтым фоне выглядае беларускае школьнiцтва за мяжой. Напрыклад, у Лiтве пражывае 42 тыс. беларусаў, беларускую школу ў Вiльнi наведваюць каля 180 дзяцей (тады як у той жа Літве каля 120 польскіх школ), у Латвii пражывае 92 тыс беларусаў, беларускую школу ў Рызе наведваюць менш за 100 дзяцей. У Расіі з 810 тыс.  беларусаў, шмат з якіх жывуць лакальна ў такіх цэнтрах як Масква, С-Пецярбург, Іркуцк, Навасібірск -- няма ніводнай школы. Беларусь скасавала льготы пры паступленнi дзяцей з беларускiх асяродкаў замежжа ў беларускiя ВНУ. Таму знікае матывацыя аддаваць дзяцей у беларускія школы, калі пасля давядзецца вучыцца ў цалкам рускамоўных ВНУ, бо ў Беларусі няма ніводнага беларускамоўнага. На гэта наракалi бацькi навучэнцаў беларускiх гiмназiй у Польшчы, дзецям якiх даводзiлася падчас навучання засвойваць незнаёмую рускую мову.

І гэта, на жаль, не адзіная праблема. Да прыкладу беларусы з Літвы, якую мы наведалі днямі, наракаюць, што беларуская віза на поўгады каштуе 25 еўра, плюс страхоўка на кожную паездку, плюс рэгістрацыя па месцы знаходжання. А не дай Бог пры перасячэнні мяжы на машыне пратэрмінуеш хаця б на 10 хвілінаў страхавую карту – канфіскуюць машыну.

Пералік праблемаў можна працягваць бясконца. Гэта і той каталіцкі касцёл, што быў пабудаваны ў Іркуцку перасяленцамі-беларусамі, а некалькі гадоў таму аддадзены мясцовым палякам, таму што Польшча рупілася пра гэта, а Беларусь не. Гэта царква Трох Віленскіх Пакутнікаў, што ў Вільні – нашай духоўнай сталіцы, якая перададзена Украінскай уніяцкай царкве, таму што Украіна будзе яе рэстаўраваць за свой кошт. Гэта тыя каштоўныя архівы беларускай дыяспары, якія вельмі часта з’яўляюцца непатрэбнымі нашчадкам эмігрантаў і выкідваюцца на сметніцу, а маглі б папоўніць культурныя фонды Беларусі.

Некалькі тыдняў таму, польскі сойм прыняў закон “Аб карце паляка”, які дае вялікія сацыяльныя перавагі этнічным палякам пры наведванні  і вучобе, працаўладкаванні ў Польшчы. Ужо сёння некаторыя беларускія аналітыкі заўважаюць, што прыняцце гэтага закона будзе спрыяць таму, што шмат беларусаў з гарадзенскай вобласці, да прыкладу, будуць запісвацца палякамі.

Вось і атрымліваецца, што палітыка дзяржаўнага бяздзеяння ў галіне супрацы з беларускім замежжам прыводзіць да таго, што Беларусь і беларусы губляюць. Губляюць сваю дыяспару – той магутны патэнцыял, які ўжо даўно выкарыстоўваецца іншымі цывілізаванымі краінамі свету на карысць і тых краін і самой дыяспары.

Што робіць у гэтым кірунку “Бацькаўшчына”. Асноўнае – не дзеліць беларусаў замежжа на сваіх і чужых! Мы распрацавалі свае рэкамендацыі да  праекту закона “Аб суайчынніках”, зробленыя на падставе пажаданняў і прапаноў беларускай дыяспары,  і прадставілі ў дзяржаўныя структуры яшчэ ў 2002 г.. Мы працягваем вывучаць вопыт іншых краін у гэтай галіне, тым больш што ўсе нашы краіны суседзі ўжо даўно маюць падобнае заканадаўства.

Мы аказваем метадычную падтрымку беларускім арганізацыям, папаўняем іх бібліятэкі беларускай літаратурай, дапамагаем у правядзенні сустрэч і святаў, як можам папулярызуем дзейнасць беларускай дыяспары ў Беларусі. Паступова ад збору інфармацыі мы перайшлі да яе аналізу і з 2001 г. заснаваная намі кніжная серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечаная беларускай дыяспары папоўнілася ўжо 14 кнігамі. У гэтым годзе выйдзе яшчэ 2. Кнігі ўвабралі ў сябе гісторыю беларускай дыяспары з розных краінаў свету, успаміны дзеячаў эміграцыі і шэраговых асобаў. У нас шмат падрыхтаваных матэрыялаў не для аднаго дзесятку кніг па даследаванні дыяспары і яе культурнай спадчыны, але мы не можам пакуль знайсці дастатковых сродкаў на іх выданне. Мы сабралі каштоўны архіў беларускага замежжа і бібліятэку. Але на жаль, ужо больш за год заснаваны намі “Беларускі дом” не можа знайсці прытулку, а дакладней некалькіх дзесяткаў квадратных метраў у Мінску. Гарадскія ўлады рэкамендуюць нам размясціцца то на «овощебазе»,  то ў якой-небудзь прамысловай зоне, ці падвалу без вокнаў. У выніку ўсе гэтыя каштоўныя рэчы захоўваюцца на прыватных кватэрах і гаражах у Мінску.  

Але, калі цяжкасці вас не дабіваюць, яны вас узмацняюць. Напрыклад, мы сталі больш актыўна працаваць у інтэрнэт фармаце, і хутка на нашым сайце адкрыецца  бібліятэка беларускай дыяспары, дзе сабраны каля 800 назваў кніг, выдадзеных беларусамі ў замежжа, ці пра беларускую дыяспару ў Беларусі. Пералік можна доўжыць.

Калі падводзіць рысу пад сказаным, трэба адзначыць, што пры ўсіх намаганнях “Бацькаўшчына”, як грамадская арганізацыя, не ў стане напоўніцу вырашыць праблемы беларускай дыяспары – адкрыць і падтрымліваць беларускае школьніцтва, беларускія газеты, ахоўваць беларускія помнікі і памнажаць нашу беларускую спадчыну за мяжой, спрыяць беларускаму друку. Тут патрэбна дзяржаўны падыход і дзяржаўная сістэмная праца. Таму мы будзем усцешаны, калі  закон будзе нарэшце прыняты, але нас непакоіць, чаму абмеркаванне адбываецца без шырокага ўдзелу ў iм суполак беларускай дыяспары i адпаведных арганiзацый Беларусi? Чаму чарговы ўсплёск ўвагi да беларускага замежжа адбываецца на фоне спынення дзейнасцi Беларускага дома ў Беларусi?

Маючы 17-гадовы досвед працы з беларускай дыяспарай “Бацькаўшчына” заўсёды гатова аказваць падтрымку не толькі арганізацыям беларускай дыяспары, але і адпаведным дзяржаўным органам Беларусі  ў захаванні нацыянальных і  культурных традыцый беларусаў замежжа у тым ліку нацыянальнай меншасці ў Расійскай Федэрацыі, дапамагаць у адстойванні яе правоў і інтарэсаў, аказваць неабходную арганізацыйную і метадычную дапамогу.

Дазвольце яшчэ раз ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” пажадаць вам вялікага плёну ў справе нацыянальна-культурнага адраджэння, у справе яднання беларускай нацыі. Дзякуй за ўвагу.

‹‹ на галоўную | у архіў