У Мінску адкрылася выстава жывапісу і графікі Міхаіла Сеўрука

10 кастрычніка ў Мінску, у гарадской мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва адкрылася выстава жывапісу і графікі вядомага беларускага мастака Міхаіла Сеўрука (1905–1979).

Як паведаміла дырэктар галерэі Таццяна Бембель, у экспазіцыі дэманструецца каля 50 твораў М. Сеўрука, у тым ліку 20 жывапісных палотнаў. “Усе гэтыя работы выдатнага мастака прадставілі знаўцы беларускага жывапісу XX стагоддзя, мастакі Уладзімір Крукоўскі і Ігар Бархаткоў, а таксама калекцыянеры Аляксандр і Іна Радаевы”, – сказала мастацтвазнаўца. Паводле яе слоў, экспазіцыя адлюстроўвае эвалюцыю творчасці М. Сеўрука за перыяд 1930–1970-х гадоў.

Як адзначыла Т. Бембель, выстава праводзіцца ў рамках праекта “Прыватная калекцыя”, адкрытага ў студзені 2007 г. Паводле яе слоў, пасля заканчэння ў 1932 г. факультэта выяўленчага мастацтва і музыкі Віленскага універсітэта мастак паказаў свае першыя работы на выставах 1937–1938 гадоў у Варшаве. “Пасля Другой сусветнай вайны ён жыў у Нясвіжы і працаваў у асноўным у галіне жанравай карціны і пейзажа. Мабыць таму яго унікальная творчасць належным чынам не ацэнена аматарамі мастацтва. Ускладняе вывучэнне спадчыны Сеўрука раскіданасць яго работ па зборах Беларусі, Польшчы і Літвы, а таксама адсутнасць навуковай манаграфіі па творчасці майстра, хаця вялікая колькасць яго работ захоўваецца ў музеі-кватэры М. Сеўрука ў Нясвіжы”, — сказала Т. Бембель.

Выстава будзе працаваць да 10 лістапада.

“Яго называлі беларускім Сезанам. Ён быў самым заходнім з беларускіх мастакоў. Ён да скону жыў у Нясвіжы, так і не пераехаўшы ў Мінск”.
(Венецыянскае люстэрка. Эсэ Валянціна Калніна з нагоды 100-годдзя Міхала Сеўрука.)

Сеўрук не дачакаўся прызнання ад савецкіх уладаў, якія не даравалі яму ані нацыяналізму, ані сезанізму. Несавецкі мастак жыў іншым жыццём у сваім родным Нясвіжы. Яго персанальная выстава ў Мінску адбылася толькі праз год пасля смерці.
(Сяргей Харэўскі “100 ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТ. Міхал Сяўрук. Жніво.”)

Паводле БелаПАН і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў