Зміцер Вайцюшкевіч прэзентуе юбілейны альбом на вершы Генадзя Бураўкіна

19 кастрычніка, а 19:00, у малой залі КЗ “Мінск” пройдзе чарговы канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і “WZ-Orkiestra”. У аднаго з самых пладавітых беларускіх музыкаў у хуткім часе выйдзе юбілейны дзесяты альбом. Гэтым разам на вершы Генадзя Бураўкіна.

Але галоўная асаблівасць гэтага канцэрту будзе нават не ў прэзентацыі новых песняў – ён будзе называцца “Лепшае на сённяшні момант”. Дзевяць цудоўных альбомаў за плячыма, дзесяты амаль на паліцах – самы час азірнуцца і абраць лепшае. А зрабіць гэта змогуць самі слухачы.

Для гэтага трэба абраць песні, якія б вы хацелі пачуць на канцэрце і замовіць іх. Гэта можна зрабіць у гасцёўні афіцыйнага сайту Зм. Вайцюшкевіча альбо ў LJ спевака. Таксама заяўкі прымаюцца праз ICQ 422-790-760.

Хутка канцэртаў Зм. Вайцюшкевіча і “WZ-Orkiestra” столькі, як раней, ужо не будзе. Апроч свайго удзелу ў мюзікле “Прарок”, Зміцер збіраецца ў Стакгольм, каб заняцца запісам спеваў на словы шведскіх паэтаў, а ў сакавіку музыкант адправіцца ў Японію з японскім праектам “Месяц і Сонца”.

Падрабязней пра канцэрт на сайце www.todar.net. Квіткі можна набыць у касах Мінска.

Паводле “Тузін Гітоў” (www.music.fromby.net) і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў