Гаспадарчы суд не задаволіў пазоў БХК да ўраду

  Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазоў Беларускага Хельсінскага камітэту да Савету міністраў і Міністэрства фінансаў. Праваабаронцы кажуць, што гэтае рашэнне падрывае давер камісіі Еўразвязу да ўраду Беларусі.

Суд не пагадзіўся з тым, што Саўмін мусіць сплаціць Беларускаму Хельсінскаму камітэту 250 тысяч рублёў — кошт маёмасці праваабарончай арганізацыі, якую сканфіскавала падатковая інспекцыя.

Намеснік старшыні БХК Алег Гулак расчараваны такім рашэннем суддзі Кацярыны Караткевіч: “Па-першае, Савет міністраў увогуле не быў прадстаўлены на працэсе. Ён заварыў гэтую кашу, фактычна стварыў сітуацыю адмовы ад міжнароднага пагаднення — і цяпер не адказвае на нашы запыты і запыты Еўрапейскай камісіі.

Па-другое, небясспрэчная пазіцыя суду, бо суд не стаў дамагацца прысутнасці прадстаўніка Савету міністраў. А прадстаўнік Міністэрства фінансаў проста ня ведаў акалічнасцяў справы”.

Гэта ўжо другое рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суду не на карысць БХК. У снежні 2005 г. суд пагадзіўся з падатковай інспекцыяй Маскоўскага раёну Мінску, што БХК у 2002 г. мусіў плаціць падаткі з грантаў дапамогі Еўракамісіі. Але БХК працягваў настойваць на тым, што з ім абышліся незаконна і спасылаўся на міжнародную дамову адносна замежнай дапамогі ў праграме ТАСІS.

Беларускі ўрад сапраўды абяцаў, што з грантаў замежнай дапамогі паводле гэтай праграмы не будуць браць падаткаў. Але на пачатку 2000-х гадоў змянілі парадак падаткаабкладання, і болей як на год падаткі на замежную тэхнічную дапамогу ўвялі.

Паводле праваабаронцаў, урадавыя чыноўнікі мусілі паклапаціцца, каб выправіць сітуацыю. “Урад не прымае законаў, але ў яго ёсць права заканадаўчай ініцыятывы”, — нагадаў суду праваабаронца Гары Паганяйла, які лічыць, што ўрад бяздзейнічаў.

Прадстаўнік Міністэрства фінансаў Юры Тодрык у судзе не згадзіўся з тым, што ўрад нічога не рабіў дзеля выканання міжнароднай дамовы пра тэхнічную дапамогу: “Калі ў дамове пра гэта ёсць, то адпаведна, я мяркую, такія захады рабіліся”. Аднак сп. Тодрык не назваў пэўных захадаў з боку ўраду.

Ці будзе БХК абскарджваць рашэнне суддзі К. Караткевіч, залежыць і ад матываў, на якія спашлецца суддзя. Пакуль іх не агалошвалі.

А. Гулак не выключае новых пазоваў ад БХК да дзяржаўных органаў: “Па сутнасці, дзяржава прадэманстравала, што ў яе ёсць правы, а ў нас абавязкі, хаця паводле Канстытуцыі мусіць быць наадварот”.

Ужо болей за два гады дзейнасць БХК фактычна паралізаваная, бо рахунак арганізацыі арыштавалі, а маёмасць сканфіскавалі. На кіраўнікоў арганізацыі заводзілі крымінальную справу, якую потым закрылі.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў