Генпракурорам ЗША можа стаць беларус
Прапанаваны на пост міністра юстыцыі і генпракурора ЗША колішні федэральны суддзя Майкл М’юкейсі (Mukasey) – выхадзец з Беларусі, паведаміў РІА “Новости” Валер Шчукін, перакладчык, які доўгі час працаваў разам з М’юкейсі ў федэральным судзе Паўднёвай акругі Нью-Йорку.
“Я аднойчы зацікавіўся каранямі М’юкейсі, і ён мне сказаў, што ягоны бацька — выхадзец з Беларусі, з мястэчка пад Баранавічамі. У іх распаўсюджанае ў Беларусі прозвішча Мукасей, трансфармаванае ў амерыканскае М’юкейсі. Беларускай моваю ён не валодае, бо нарадзіўся ўжо ў ЗША”, — сказаў В. Шчукін, які таксама эміграваў з Беларусі.
Кандыдатура новага міністра юстыцыі і генпракурора, які паводле пасады таксама адказвае за кіраўніцтва ФБР, мусіць прайсці зацвярджэння ў сенаце ЗША і толькі пасля гэтага М’юкейсі зможа ўзначаліць гэтае найбольш уплывовае ведамства.
М’юкейсі-Мукасей працаваў цягам 18 гадоў суддзём у Паўднёвай акрузе да выхаду на пенсію ў 2006 г. Ён выносіў вердыкты па “гучных” тэрарыстычных справах і, у прыватнасці, на працэсе па справе ісламістаў, якія арганізавалі выбух у гаражы нью-йоркскага Сусветнага гандлёвага цэнтру ў 1993 г.
“М’юкейсі таксама разглядаў шматлікія справы “рускай мафіі” і вылучаўся справядлівым і незалежным стаўленнем”, – сказаў В. Шчукін.
У юрысдыкцыю Паўднёвай акругі траплялі багата якія злачынствы, учыненыя насельнікамі Брайтану – раёну, населенага выхадцамі з СССР і славутага колісь як прыстанішча “чырвонай мафіі” ў Нью-Йорку.
М. М’юкейсі мусіць замяніць Альберта Гансалеса, які сышоў у адстаўку ў мінулым месяцы і якога дэмакраты вінавацілі ў прадузятасці і залішняй лаяльнасці да адміністрацыі Джорджа Буша.
Паводле РИА “Новости” і “Нашай Нівы”
|